Людзі і справы

Авоська ці шопер? Называй як хочаш, але мы гэта зрабілі

Чым папракаць адно аднаго ў выкарыстанні аднаразовых пластыкавых пакетаў, мы вырашылі стварыць ім альтэрнатыву — уласнаручна звязаць авоські. Зараз у Гродне стала на 12 авосек больш. На майстар-класе ад Hrodna.life 22 ліпеня ўдзельніцы звязалі сабе сумачкі, якія зручна браць з сабой і можна выкарыстоўваць шмат разоў.

Авось атрымаецца

Майстарка Тамара Герасіменка, якая праводзіла занятак, распавяла таксама пра новую хвалю моды на вязаныя сумкі-сеткі. Аказваецца, зараз яны маюць сучасную назву «шопер». А гісторыя назвы паходзіць ад аднаго з гумарыстычных маналогаў Аркадзія Райкіна. З такой торбай ён выбіраўся «на дабыткі» — авось нешта ўдасца купіць.

«Я даўным-даўно адмовілася ад пакетаў, — кажа Тамара Герасіменка. — Найперш, гэта пытанне грошай, якіх бы там не было. А па другое — навошта збіраць дома непатрэбнае пластыкавае смецце?»

Звязаць авоську ці шопер можа любы чалавек уласнымі рукамі, упэўнена майстарка. Што да зручнасці - то яна відавочная. «Авоська мала важыць і складзеная змяшчаецца ў далонь. Проста варта завесці сабе правіла заўжды браць яе з сабой».

На майстар-клас прыйшлі ўдзельніцы з розным досведам вязання. Таму майстарка прапанавала выбраць мадэль авоські сабе па сілах. Самыя простыя вязаліся самым простым «ланцужком». «Трэба набраць сем петляў. Гэта мая любімая лічба. І зрабіць з іх кола. Далей — адзін шэраг слупкамі з накідам. А потым „аркі з ланцужкоў“ таксама кожная па сем петляў».

«Першы раз вяжу — як у першакласніка атрымліваецца, — прызналася Святлана Кочатава. — Але займальна! Я стараюся».

«Гэта мая першая авоська», — кажа Наталля Яскелевіч. Яна шмат вяжа, але раней «спецыялізавалася» больш на адзенні і цацках. Пра майстар клас прачытала ў сеціве яе дачка і замовіла маме авоську. «Сказала, што вельмі хоча такую торбачку. То я прыйшла паспрабаваць».

Хочаце «ўтылізаваць» астаткі нітак — вяжыце авоську

Паводле Тамары, ніткі для авоські можна ўзяць любыя. Таксама можна скарыстаць ніткі розных колераў і фактур ці выкарыстаць астаткі, якія няма дзе падзець — будзе падвойная карысць.

«Не пашкадавала, што прыйшла, — дзеліцца ўражаннямі Надзея Багдзевіч. — Вельмі даступна ўсё патлумачылі. З такім вязаннем справіцца нават малое дзіця. Абавязкова звяжу яшчэ і сяброўкам у падарунак па авосьцы».

«Дачка хацела набыць авоські ў адной з замежных крамаў. Сказала ёй — не трэба, я табе звяжу», — расказала Аліна Філіпчык. Яе меркаваннем, вязанне авосек аказалася яшчэ і калектыўнай псіхатэрапіяй. «Такія цікавыя людзі сабраліся! За размовамі і працай прыемна правялі час. Усе дзённыя трывогі неяк адступілі».

«Мяне сяброўка запрасіла. Кажа — давай паспрабуем, — расказала Наталля Рэпіна. — Я ніколі раней не вязала кручком. Аказваецца — усё хутка атрымліваецца».

Ала Дзенісенка — спрактыкаваная вязальшчыца і прыйшла на майстар-клас за кампанію з сяброўкамі. «Як раней хадзілі на пасядзелкі - пагаварыць за працай, пакуль рукі занятыя, разам пабавіць час. Увогуле, я вяжу са школьных гадоў і вельмі радая, што зараз вязаныя рэчы ізноў вяртаюцца ў моду».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Будзе капаць на галовы» — што гродзенцы думаюць пра новыя кветкавыя аркі на Савецкай

Гродзенцы не ацанілі новыя канструкцыі для кветак на Савецкай. У красавіку на пешаходнай вуліцы ўсталявалі…

24 красавіка 2025

Студэнта з Гродна будуць судзіць за паведамленні ў «Беларускі Гаюн»

Тры злачынствы за "экстрэмізм" распачалі супраць падлеткаў у Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе. У тым…

24 красавіка 2025

Цэгла са слядамі пальцаў, найстарэйшая свідравіна Гродна і двор для мерапрыемстваў. Якім стане комплекс былога піўзавода Brovar Hrodna

«Такіх месцаў і ў свеце не так многа, а ў Беларусі нічога падобнага проста няма», —…

24 красавіка 2025

На могілках у Гродне з’явілася пліта расійскага салдата, які ваяваў супраць Украіны

Пліта Ведніка Леаніда Анатольевіча, які, верагодна, загінуў на вайне супраць Украіны, з'явілася ў калумбарыі на…

23 красавіка 2025

Як будзе выглядаць стогадовы дом у стылі канструктывізму на Міцкевіча пасля перабудовы: праект

Драўляны будынак у стылі канструктывізму 1930-х на Міцкевіча, 1 у Гродне перабудуюць у трохпавярховы гатэль…

23 красавіка 2025

У Гродне можна зрабіць здымак райка вока — паслуга падабаецца парам

Макраздымак райка (рус. - радужки) вока можна зрабіць у Гродне на вул. Будзённага. Закаханым прапануюць…

23 красавіка 2025