Палякі хочуць адкрыць рэгулярны авіярэйс Гродна — Варшава. Пра гэта распавёў намеснік міністра МЗС Рэспублікі Польшча Марцін Пшыдач на візіце ў Гродна, піша rgazeta.by.
Польскі дыпламат падкрэсліў, што грамадзяне Польшчы жадаюць, каб маршрутаў да Гродна стала больш. Гродзенскія ўлады пацвердзілі магчымасць падобнага авіярэйсу пасля прыходу ў Абухоўскі аэрапорт лаўкостэраў. Сёння вядуцца актыўныя перамовы з прадстаўнікамі бюджэтных авіякампаній Венгрыі, Ірландыі і Польшчы. Мяркуецца, што лаўкостэр арганізуе рэгулярныя рэйсы па запатрабаваных напрамках. Нагадаем, што сёння з абухаўскага аэрапорта рэгулярныя рэйсы ажыццяўляюцца ў Калінінград. У адпускны сезон чартары лятаюць у Егіпет, Балгарыю, Турцыю, Туніс і Чарнагорыю.
Сёння Гродна з польскімі гарадамі звязваюць чыгуначныя і аўтобусныя зносіны. Курсуе цягнік «Гродна — Кракаў» з прыпынкамі ў Беластоку і Варшаве. Час у шляху да канчатковага прыпынку складае 9,5 гадзін. Чыгуначны маршрут адкрылі ў верасні 2016 года. Дзякуючы рэгулярным аўтобусным рэйсам з Гродна можна дабрацца да Беластока, Варшавы і Лодзі.