Пачаліся грамадскія абмеркаванні рэканструкцыі будынка на Савецкай, 1. Прыватная фірма плануе адкрыць там у 2020 годзе новую кропку грамадхарчу.
Гэта мае быць рэстаран усходняй кухні з абедзенай залай на 30 чалавек і барнай стойкай (43 кв.м.) на першым паверсе і банкетнай залай на 8 чалавек (39 кв.м.) на другім.

Уласнік – фірма “ДемсаГрупп”, якой таксама належыць студыя вэб-дызайну DG і крамы вопраткі Istanbul Fashion House.
Камяніцу захаваюць
У справаздачы ад ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе (АУНА) пазначана, што размяшчэнне рэстарана дазволіць захаваць камяніцу канца 19 – пачатку 20 стагоддзя, якая зараз закінутая і знішчаецца. Рэканструяваць будынак абяцаюць згодна з нормамі Мінкульта, бо гэта частка гістарычнага цэнтра Гродна, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2 катэгорыі.
У час прац у будынку дэмантуюць і заменяць драўляныя перакрыцці, існуючыя цагляныя перагародкі, драўляную лесвіцу, закладуць існуючыя і праб’юць новыя праёмы ў сценах. Новыя лесвіца і перакрыцці будуць маналітнымі. Будуць узмоцненыя фундаменты. Дэкор і сталярка маюць быць адноўленыя так, як гэта было ў арыгінале.
Дворык на Савецкай знакаміты тым, што тут доўгі час працавала галерэя “Крыга”, а зараз летам праходзяць “Танцы гарадзенскіх дворыкаў”.

Грамадскія абмеркаванні
Грамадскія абмеркаванні працягнуцца да 8 жніўня 2019. З дакументацыяй можна азнаёміцца на сайце гарвыканкама.
Заўвагі і прапановы па дакументацыі па АУНА (ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе) можна накіраваць:
Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, 230023, пл. Леніна, 2/1, Гродна. Адрас электроннай пошты: [email protected].
ТДА «АРС Дэко», 230023, вул. Паўлоўскага, 15Б, г. Гродна. Адрас электроннай пошты: virman@t*t.by.
Кантактная асоба: дырэктар ТДА «АРС Дэко» Папова Марына Віктараўна, тэлефон: 8-0152-72-26-85.
Заяву аб неабходнасці правядзення сходу па абмеркаванні справаздачы аб АУНА можна накіраваць у Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт па адрасе: 230023, пл. Леніна, 2/1, г. Гродна ці электроннай пошце [email protected] у тэрмін да 24.07.2019 г. Кантактная асоба: намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела рэгулявання забудовы і добраўпарадкавання ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама Барэйка Вольга Уладзіміраўна, тэлефон: 8-0152-72-02-60.
Заяву аб намеры правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы можна накіраваць у Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт па адрасе 230023, пл. Леніна, 2/1, г. Гродна і электроннай пошце [email protected] ў тэрмін да 24.07.2019 г.



