У дзень нараджэння Марка Шагала, 7 ліпеня, зааабаронцы правялі акцыю супраць дзейнасці кантактных заапаркаў. Копію карціны «Шпацыр» запэцкалі адбіткамі рук і адправілі ў Парламент Беларусі, дзе зараз разглядаецца праект закона па абароне жывёлаў. Працу Шагала выбралі для акцыі, таму, што «вялікі мастак любіў жывёл і не ўхваліў бы з’яўлення кантактных заапаркаў».
Такім чынам зооактывісты нагадваюць беларусам і ўраду аб праблеме існавання ў нашай краіне негуманнага бізнэсу — кантактных заапаркаў. На думку актывістаў, карціна, як культурная каштоўнасць, сімвалізуе каштоўнасць жыцця ўсяго жывога. Адбіткамі рук на палатне яны паказалі, у што ператвараецца каштоўнасць, калі да яе бескантрольна дакранаюцца людзі.
На адваротным баку рэпрадукцыі ўдзельнікі акцыі змясцілі свой зварот да ўрада і адправілі ў Парламент Рэспублікі Беларусь.
«Тое, што было зроблена з копіяй шэдэўра Шагала — адбываецца кожны дзень у сценах кантактных заапаркаў па ўсёй краіне, — кажа старшыня ГООЗЖ „Адданыя сэрца“ Алена Шыманіца — Але чаму ў людзей выклікае такі гнеў, калі нявечаць шэдэўр жывапісу, у той час як сотні нявінных жывых істот пакутуюць кожны дзень?»
«Жывёл, аддадзеных на разарванне натоўпу, ціснуць нагамі, шматкроць кідаюць, адбіваючы ўнутраныя органы, душаць, ламаюць крылы, перакідваюць у суседнія вальеры. Малюсенькія клеткі, у якіх знаходзяцца звяры, размяшчаюцца звычайна ў гандлёвых цэнтрах. Адсутнасць шпацыру, бетонная / лінолеумная падлога, духата, яркае штучнае святло, страшны шум ад патоку наведвальнікаў напрацягу 11 гадзін працы ўстановы прымушае жывёл знаходзіцца ў пастаянным стрэсе. Выключэнняў не робіцца ні для кого: мацаць на працягу ўсяго дня можна і жывёл, якія вядуць начны лад жыцця і тых, што хаваюцца ў дзённы час. Асабліва кепскі лёс дзетак — нованароджаных куранят, качанят і гусянят, якіх рэгулярна падвозяць для зацісквання дзецям у якасці аднаразовых аб’ектаў».
Сярэдняя працягласць жыцця гадаванцаў кантактных заапаркаў істотна ніжэй іх братоў ў звычайных заапарках або нават на волі. Віной таму людзі. Гэта звязана не толькі з відавочна высокай рызыкай атрымання траўмаў падчас «прыёму наведвальнікаў». Лекар ветэрынарнай медыцыны, дацэнт кафедры акушэрства і тэрапіі УА «ГГАУ» Дзмітрый Воранаў лічыць, што не меншую шкоду здароўю жывёл наносіць стрэс, неправільнае ацяпленне, парушэнне рэжыму.
«У кантактных заапарках жывёлы адчуваюць пастаянны стрэс ад бясконцага кантакту з наведвальнікамі. Няма рэжыму супакою і кармлення. Маніпуляцыі правакуюць пачуццё страху ў гадаванцаў. Вельмі высокая рызыка траўмаў і гібелі! Калі вялікая колькасць людзей нават акуратна кантактуе з жывёлай, гэта ўсё роўна правакуе неўрозы і стрэс-рэакцыі ў гадаванца. Акрамя гэтага, у памяшканні кантактнага заапарка змяняецца бактэрыяльны фон, што можа прыводзіць да павелічэння захворванняў.»
Забароны на дзейнасць кантактных заапаркаў прыняты ўжо ў большасці краін Заходняй Еўропы. У снежні 2018 года гэтыя «забаўка» стала незаконнай і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. У нашай краіне да гэтага часу няма законаў, што рэгулююць такога роду бізнэс.
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі ўжо спрабавала ўмяшацца, але па невядомых прычынах зрабіць нічога не ўдалося.