Як частка гарадскога свята 3 ліпеня ў парку Жылібера адбыўся бясплатны канцэрт “Класіка ля ратушы”, падрыхтаваны кампаніяй velcom | A1. Сёлета юбілей фестывалю канцэртаў класічнай музыкі на вольным паветры.
Канцэрты ў межах фестывалю ладзяць ля будынку ратушы ў цэнтры Мінска. Сёлета, на пяты, юбілейны год, арганізатары зладзілі канцэрты і ў пяці абласных гарадах, сярод якіх – Гродна. Тут не захавалася гарадская ратуша, але поўна сведчанняў таго часу і гараджан – аматараў класікі. На канцэрце ансамбль “Мінск-Класік” выконваў праграму “Штраус на біс!” – музыку Іагана Штрауса-старэйшага і яго сына, Іагана Штрауса-малодшага.

Музыка Штрауса, лёгкая і насычаная, вельмі пасавала да ліпеньскага вечара, гледачы не стрымлівалі ўсмешак. Ад вальсаў і полек хацелася танцаваць, некаторыя так і рабілі.


Дырыжор ансамбля, Максім Расоха, быў адначасова і канферансье, які таленавіта вёў праграму. Ён нязмушана наладзіў кантакт з публікай, і тая пляскала ў ладкі ў такт мелодыям і слухмяна сціхала на яго знак.
На працягу ўсяго выступу паміж выкананнем твораў дырыжор расказваў цікавыя замалёўкі з жыцця і творчасці сям’і Штрауса: як той хітрыў, калі апрацоўваў часткі сваіх вялікіх музычных твораў і рабіў з іх выдатныя танцы – атрымліваў грошы і за тыя, і за другія; як Штраус-старэйшы раўнаваў уласных сыноў да музыкі, забараняў ім займацца. Сын таемна навучаўся ў першага скрыпача бацькавага аркестра, а грошы на навучанне зарабляў, даючы ўрокі музыкі хлопчыку-суседу.
“Людзі ссумаваліся па класіцы, паглядзіце, як яны стаяць, чакаюць, як рэагуюць, – заўважае адна з госцяў канцэрта, былая выкладчыца музыкі. – У нас вельмі пісьменныя людзі, у Беларусі амаль у кожнага другога вышэйшая адукацыя. Такія канцэрты патрэбны часцей”.


Ансамбль “Мінск-Класік” існуе пяць год і складаецца з 10 чалавек, але яны гучаць як цэлы вялікі аркестр. “Мы выконваем Штрауса ў найлепшых еўрапейскіх традыцыях, выкарыстоўваем тэатральныя прыёмы, жарты. Пісталет, качка, шампанскае, келіхі – як у венскіх аркестраў, калі тыя граюць Штрауса”, – расказаў кіраўнік ансамбля.

Асаблівасць учарашняга выступу – кампазіцыя, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі, “Канцэрт-вальс” – фантазіі на тэму вальса Іагана Штрауса “Казкі Венскага лесу”. Гэта твор з рэпертуару Беларускага дзяржаўнага джазавага аркестру БССР, ён быў напісаны ў 1941 годзе. Пасля вызвалення БССР гэты аркестр ездзіў па буйных гарадах і для іх жыхароў выконваў праграму, дзе гучаў гэты твор. Фактычна, праз 75 год кампазіцыя вярнуўся туды, дзе калісьці гучаў.
“Гэты твор выконваем толькі мы, у нас ёсць рукапіс, які мы знайшлі. Фактычна, гэта Штраус у джазавай апрацоўцы – гучыць вельмі сучасна, свежа”, – патлумачыў Максім Расоха.


Максім Расоха кажа, што ў Еўропе падобныя вулічныя канцэрты – даўняя нармальная практыка. Калектыў у Гродне ўпершыню, сам жа дырыжор бываў тут раней, выступаў на Фестывалі нацыянальных культур ды іншых.
“Штраус – цікавая музыка, актуальная на ўсе часы, паўсюль. Мы не проста граем канцэрт, мы стасуемся з публікай, увесь час ідзе размова: слухачы ўдзельнічаюць апладысментамі, усмешкамі. У розных краінах людзі рэагуюць па-рознаму, там, дзе цяплей, людзі больш эмацыйныя. Але ўсё залежыць ад таго, як выконваць, якую энергетыку даваць у залу, калі людзі – удзельнікі, гэта дарагога каштуе”.

















