Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне Трыніці адкрыюць пастаянны рух транспарту па чатырох палосах. Пазней будзе выкладзены і верхні пласт асфальту з папераменным закрыццём руху па палосах. Гэта вырашыць праблему са складаным участкам руху гарадскога транспарту ў раёне скрыжавання з праспектам Кляцкова, распавёў «Гродзенскай праўдзе» намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Дзяшко.

— Работы выконваюцца без «скіду» руху. Вядома, ёсць складанасці з пракладаннем інжынерных сетак. Толькі тралейбусных апор трэба ўсталяваць каля 120, затым нацягваць кантактную лінію. Увесь участак абноўленага праспекта пастараемся здаць у эксплуатацыю да Дня будаўніка — 11 жніўня, — распавёў Уладзімір Дзяшко. — Гэтая праца пакладзе пачатак фармаванню вялікага транспартнага кальца вакол Гродна, і пачнецца яна ўжо ў гэтым годзе.

Пакуль жа выконваюцца аб’ёмы работ па ўкладцы асфальту на участках, дзе вядуцца бягучыя і планавыя рамонты, на пашырэнні праспекта Янкі Купалы, на дарогах у напрамку Аўгустоўскага канала. Таму адбываецца перакідка дарожнай тэхнікі з аднаго аб’екта на іншы.