У гарадскім пасёлку Зэльва 17 чэрвеня нецвярозы муж падпал жонку, пакуль тая спала. Яна атрымала апёкі 2 і 3 ступені.

У той дзень мужчына 1963 года нараджэння ўжо быў выпіўшы, на працу не пайшоў. Вечарам жанчына 1965 году нараджэньня знайшла мужа ў тым жа стане, у якім ён быў, калі яна сыходзіла. Паводле інфармацыі УУС Гродзенскага аблвыканкама, на гэтай глебе паміж імі пачаўся канфлікт.

Пасля сваркі мужчына вырашыў заняцца чымсьці карысным. Ён узяў бензатрымер з каністрай і паспрабаваў пакасіць траву. Жанчына заўважыла, што яе муж не спраўляецца з лёгкімі парывамі ветру, а значыць, і не зможа справіцца з газонакасілкай, забрала яе да сябе ў пакой і легла спаць.

«Мужчына вярнуўся ў дом, выпіў віна і не мог знайсці, чым заняцца. Ён увайшоў у пакой да жонкі, убачыў там бензатрымер і каністру з бензінам. Падазраваны абліў жонку змесцівам каністры, затым падпаліў яе. Праз некаторы час жанчына прачнулася ад моцнага болю ў спіне. Муж убачыў, што ён нарабіў і дапамог патушыць полымя. Пры паступленні ва ўстанову аховы здароўя ў пацярпелай былі дыягнаставаныя тэрмічны апёк галавы, шыі, тулава, верхніх канечнасцяў, пярэдняй паверхні сцягна 2, 3 ступені, інгаляторная траўма і апёкі верхніх дыхальных шляхоў, цяпер лекары змагаюцца за яе жыццё. Падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў падазраванага затрымалі «- распавёў начальнік ОУР Зельвінскага РАУС маёр міліцыі Аляксандр Бусловіч.

Узбуджаная крымінальная справа па частцы другой артыкула 147 крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — «Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання».