На памежнай польска-беларускай тэрыторыі Белавежскай пушчы шпацыруе мядзведзь, паведамляе euroby.info.

Медведь в Беловежской пуще
З’яўленне мядзведзя ў прыгранічных лясах заўсёды выклікае цікавасць. Для лясных турыстаў і грыбнікоў гэта патэнцыйная небяспека, для мясцовых жыхароў пагроза іх гаспадарцы, а для навукоўцаў вельмі рэдкі асобнік, за якім хочацца паназіраць і спадзявацца, што мядзведзь пасяліцца і будзе разнастаіць фауну гэтых месцаў.

14 чэрвеня 2019 фотакамеры польскага лясніцтва ў паўднёвай частцы Белавежскай Пушчы зафіксавалі маладога мядзведзя побач з польска-беларускай мяжой. Мядзведзь ужо пацвердзіў сваю любоў да салодкага мёду, пашкодзіўшы вуллі на адным з пчальнікоў ля мяжы.

Гэта першы за 16 гадоў мядзведзь, заўважаны ў Белавежскай Пушчы. У канцы траўня бягучага года сляды мядзведзя (верагодна яго ж) зафіксавалі ў Пружанскім раёне Беларусі. Бліжэйшая да Белавежскай пушчы папуляцыя мядзведзяў жыве ў Налібоцкай пушчы (размешчана на мяжы Гродзенскай і Мінскай вобласці) у 200 км ад месца сённяшняй фотафіксацыі. Маладыя мядзведзі, сыходзячы ад маці, могуць праходзіць сотні кіламетраў у пошуках новага месца для жыцця.

Мядзведзі зніклі з Белавежскай Пушчы ў другой палове XIX стагоддзя (вядома, што апошні мядзведзь быў застрэлены ў 1878 годзе падчас царскага палявання).