Рэстаўрацыю мемарыяльнай шыльды на Гуманітарным каледжы, прысвечанай 400-годдзю з дня нараджэння Стэфана Баторыя, кіраўніцтва горада лічыць немэтазгоднай. Так адказалі гродзенскаму гісторыку Мечыславу Супрону ў афіцыйным лісце ад Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Гісторык звяртаўся ў гарвыканкам з прапановай арганізаваць краўдфандынг і за гэтыя сродкі адрэстаўраваць шыльду, прысвечаную каралю Рэчы Паспалітай, які займае адметнае месца ў гісторыі горада.
«Стварэнне і ўстаноўка помніку Стэфану Баторыю за сродкі гарадскога бюджэту ў бліжэйшы час не плануецца,» — напісалі ў лісце.
Праўда, ніжэй паведамілі: «Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт лічыць мэтазгодным правесці стварэнне і ўсталяванне мемарыяльнай шыльды альбо помніка Стэфану Баторыю на тэрыторыі Старога замка пасля заканчэння рамонтна-узнаўленчых работ і прымеркаваць адкрыццё твора манументальнага мастацтва да значнай юбілейнай даты з дня нараджэння караля».
Стэфан Баторый нарадзіўся 27 верасня 1533. Якую менавіта юбілейную дату абяруць для ўшанавання караля, у лісце не ўдакладняецца.