На будынку Гродзенскага гуманітарнага каледжа 22 мая павесілі мемарыяльную шыльду з назвамі навучальных устаноў, якія былі ў гэтым месцы з пачаткам пабудовы. Новая дошка закрыла старую, прысвечаную Стэфану Баторыю, якую сапсавалі за савецкім часам.

На працягу 80 гадоў, праходзячы па вуліцы Леніна, гродзенцы назіралі на сцяне старой навучальнай установы чорную дошку са збітым надпісам. Літары на ёй прачытаць было немагчыма, бо іх мэтанакіравана знішчылі. Як мяркуецца, у 1939 годзе.

У 2010 годзе надпіс расшыфравалі гродзенскія краязнаўцы, а гісторыкі і калекцыянеры адшукалі даваенныя фота шыльды. Высветлілася, што шыльду павесілі ў 1933 годзе, калі ў будынку працавала польская школа імя Стэфана Баторыя. У гэты час уся міжваенная Польшча ўрачыста адзначала 400-гадовы юбілей з дня нараджэння караля польскага і вялікага князя літоўскага. Змест надпісу ўдалося пацвердзіць фатаграфіяй і ўспамінамі старажылаў.

Вядома, што ў 1930-я школу ў народзе звалі «батаруўкай». Пра гэта ўспамінае 91-гадовы гродзенец Ежы Кежкоўскі.

«Спачатку я вучыўся ў школе імя каралевы Ядвігі, а пасля, як сям’я пераехала на вуліцу Пілсудскага, мяне перавялі ў „батаруўку“. У першай маёй школе была дысцыпліна. Урокі пастаянна пачыналіся з малітвы. А ў новай школе было лепш. На заняткі хадзілі ў спецыяльнай форме, якой ганарыліся. Літары на шыльдзе збілі, хутчэй за ўсё, у 1939 годзе. Мы яшчэ ў школу хадзілі і заўважылі,
што ў адзін з дзён надпісаў не стала. Казалі, што гэта ноччу зрабілі. Калі б хто з вучняў убачыў, як нявечаць шыльду, пазабівалі б тых людзей. Такімі мы былі патрыётамі».

Партрэтны барэльеф, падобны да таго, які размяшчаўся на таблічцы, цяпер ёсць у Фарным касцёле. Краязнаўцам было вядома, што барэльеф з шыльды доўгі час захоўваўся ў кабінеце кафедры фізічнага выхавання педкаледжа, а затым кудысьці знік. Ён быў зроблены з белага металічнага сплаву. А гэта значыць, што і літары на шыльдзе таксама былі белыя.

Будынак па Леніна, 4 быў закладзены 6 чэрвеня 1899 года да 100-годдзя з дня нараджэння Пушкіна і прызначаўся для гарадскога чатырохкласнага Пушкінскага вучылішча. У 2019 годзе, да 120-гадовага юбілею будынка, у каледжы сталі наводзіць парадак і 22 мая павесілі пластыкавую дошку на збітую табліцу. У навучальнай установе распавялі Hrodna.life, што там шануюць гісторыю будынка і пастараліся расказаць пра кожны перыяд, толькі ўжо ў калідорах і класах. Сапсаваную польскую шыльду закрылі пластыкавай з найменнямі навучальных устаноў, якія былі ў гэтым месцы з пачаткам пабудовы. У выпадку рэстаўрацыі старой, яе можна будзе зняць.

23 мая у двары будынка плануецца адкрыццё невялікага манумента. А 6 чэрвеня на тэрыторыі навучальнай установы адкрыюць памятную шыльду музыканту Чэславу Неману, які вучыўся ў гэтым будынку ў савецкія гады.

У Гродне "абнавілі" самую таямнічую мемарыяльную шыльду
У Гродне "абнавілі" самую таямнічую мемарыяльную шыльду

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life