Новы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік пацвердзіў, што ўсе хворыя на адзёр пацыенты ў Гродзенскай вобласці ўжо выпісаныя з медустаноў, паведамляе belta.by. На яго думку, павышэння ўзроўню захворванняў на адзёр у Гродзенскай вобласці не варта баяцца.

«Ні пра якую эпідэміі ні ў Гродзенскай вобласці, ні ў цэлым па рэспубліцы гаворка не ідзе. Усе 33 пацверджаныя ў Гродзенскім рэгіёне выпадкі нельга назваць эпідэміяй. Усе пацыенты ўжо выпісаны з бальнічных устаноў, яны перанеслі захворванне ў лёгкай ці сярэдняй ступені. Цяжкіх формаў не было, ускладненняў не было «, — распавёў кіраўнік ведамства.

Міністр аховы здароўя параіў не распаўсюджваць панічныя чуткі, а больш інфармаваць насельніцтва, што ўсе выпадкі адру завозные. «Калі вы хочаце быць застрахаваны — праверце свой імуналагічны статус. Калі сапраўды ведаеце, што не прышчапляліся — прышчапіцеся», — дадаў ён.

Як паведамлялася афіцыйна, у Беларусі з пачатку года зарэгістравана 128 лабараторна пацверджаных выпадкаў адру, з іх 35 — прывазныя, астатнія — звязаныя з імі.