Студыя imago.by у мінулым годзе вырашыла аднавіць гравюру Адэльгаўзера-Цюнта да 450-гадовага юбілею яе стварэння. 15 чэрвеня яны прэзентавалі ў Гродне вынікі працы і падаравалі асобнік Гісторыка-археалагічнаму музею. А музей стварыў свята, каб кожны мог адчуць атмасферу таго часу.
— Наша асноўная місія — папулярызацыя візуальных вобразаў, звязаных з нашых мінуўшчынай. І праект «Анёлы над горадам» меў на мэце папулярызаваць гравюру, зрабіць яе даступнай для ўжытку ва ўсіх сферах для ўсіх жадаючых, — кажа Ілля Андрэеў, адзін са стваральнікаў праекта.
Гравюру «Сапраўднае адлюстраванне горада Гродна ў Літве» выканаў нямецкі майстар Маціас Цюнт, выкарыстаўшы малюнкі Ёхана Адэльгаўзера. Гродна стаў першым горадам ВКЛ, паказаным на гравюры на аснове рэальных ведаў.
На гравюры ёсць прысвячэнне польскаму каралю і вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту Аўгусту, а таксама яго асабісты герб. Імаверна, выява была зроблена па заказе з мэтай стварэння і распаўсюджвання пазітыўнага вобраза ВКЛ падчас Лівонскай вайны. Гравюра існуе ў дзвюх моўных версіях — лацінскай ды нямецкай. Праца мела вялікі попыт, паколькі з’яўлялася не толькі рэкламай вялікакняскай дыпламатыі, але і важнай крыніцай інфармацыі аб паўсядзённым жыцці ва Усходняй Еўропе, якая доўгі час заставалася «Terra Incognita» ў разуменні заходнееўрапейцаў.
Праект распачаўся год назад. Ён меў на мэце перавыдаць гравюру і перадаць яе Гродзенскаму дзяржаўнаму гісторыка-археалагічнаму музею, а таксама надрукаваць постар. На краўдфандынгу было сабрана 102% патрэбнай сумы. За гэтыя грошы набылі адсканаваныя копіі, вырабілі адмысловую форму, закупілі паперу, надрукавалі пробныя і выніковыя адбіткі. Усё атрымалася.
— Наш праект называўся «Анёлы над горадам», і, мне здаецца, гэты прыгожы вобраз мае права на развіццё. Анёлы над горадам, анёлы ў самім горадзе маглі б быць візітоўкай горада. І як аб’ект малых скульптурных форм, роспіс мясцін і сувенірная прадукцыя — вобраз просты для ўспрыняцця, ён станоўчы і трошкі казачны, — кажа Ілля.
На мерапрыемстве прадэманстравалі, як ствараецца гравюра на сапраўдным старадаўнім друкарскім станку. Таксама можна было паслухаць гурт «Хмельны Вір» і паназіраць за сярднявечным жыццём, якое на адзін дзень аднавілі рэканструктары з Брэста і Мінска. Гісторыкі арганізавалі круглы стол, дзе расказвалі пра стварэнне гравюры і кантэкст, асобу гравера і яе наступнае выкарыстанне.
У Гродне можна набыць постар і выяву ў аддзяленнях «Белкнігі», этнакраме «Цудоўня» і краме «Лёля». Цана — ад 10 да 30 рублёў у залежнасці ад выявы. У гісторыка-археалагічным музеі яна з’явіцца пазней. Супрацоўнік музея Андрэй Вашкевіч кажа, што, меркавана, яна знойдзе месца ў адноўленай экспазіцыі Старога замка.
— Гэта вельмі важная падзея, бо людзі ўвялі яе [гравюру — рэд.] у культурны абарот. З аднаго боку, можна проста купіць выяву і валодаць ею. А з іншага, можна яе аднавіць, вывучыць тэхналогію, правярнуць цэлую кампанію вакол гэтага, — кажа Андрэй Вашкевіч.
Гісторык кажа, што аднаўленне гравюры — гэта падзея не столькі гістарычнага жыцця, колькі культурнага.
— Самае важнае, што яна жыве, вернута ў культурны абарот і вакол яе можна арганізоўваць розныя падзеі: культурныя, навуковыя. Яна нават неяк аб’ядноўвае людзей: гэта нагода для гродзенцаў ганарыцца тым фактам, што ў іх самая першая выява беларускага горада.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…