Студыя imago.by у мінулым годзе вырашыла аднавіць гравюру Адэльгаўзера-Цюнта да 450-гадовага юбілею яе стварэння. 15 чэрвеня яны прэзентавалі ў Гродне вынікі працы і падаравалі асобнік Гісторыка-археалагічнаму музею. А музей стварыў свята, каб кожны мог адчуць атмасферу таго часу.

– Наша асноўная місія – папулярызацыя візуальных вобразаў, звязаных з нашых мінуўшчынай. І праект “Анёлы над горадам” меў на мэце папулярызаваць гравюру, зрабіць яе даступнай для ўжытку ва ўсіх сферах для ўсіх жадаючых, – кажа Ілля Андрэеў, адзін са стваральнікаў праекта.

Адзін дзень з гісторыі Гродна: адноўленую гравюру XVI стагоддзя паказалі ў Новым замку

Гравюру “Сапраўднае адлюстраванне горада Гродна ў Літве” выканаў нямецкі майстар Маціас Цюнт, выкарыстаўшы малюнкі Ёхана Адэльгаўзера. Гродна стаў першым горадам ВКЛ, паказаным на гравюры на аснове рэальных ведаў.

На гравюры ёсць прысвячэнне польскаму каралю і вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту Аўгусту, а таксама яго асабісты герб. Імаверна, выява была зроблена па заказе з мэтай стварэння і распаўсюджвання пазітыўнага вобраза ВКЛ падчас Лівонскай вайны. Гравюра існуе ў дзвюх моўных версіях – лацінскай ды нямецкай. Праца мела вялікі попыт, паколькі з’яўлялася не толькі рэкламай вялікакняскай дыпламатыі, але і важнай крыніцай інфармацыі аб паўсядзённым жыцці ва Усходняй Еўропе, якая доўгі час заставалася “Terra Incognita” ў разуменні заходнееўрапейцаў.

Праект распачаўся год назад. Ён меў на мэце перавыдаць гравюру і перадаць яе Гродзенскаму дзяржаўнаму гісторыка-археалагічнаму музею, а таксама надрукаваць постар. На краўдфандынгу было сабрана 102% патрэбнай сумы. За гэтыя грошы набылі адсканаваныя копіі, вырабілі адмысловую форму, закупілі паперу, надрукавалі пробныя і выніковыя адбіткі. Усё атрымалася.


Мінчукі і гродзенец адновяць гравюру 1568 года і падораць музею


– Наш праект называўся “Анёлы над горадам”, і, мне здаецца, гэты прыгожы вобраз мае права на развіццё. Анёлы над горадам, анёлы ў самім горадзе маглі б быць візітоўкай горада. І як аб’ект малых скульптурных форм, роспіс мясцін і сувенірная прадукцыя – вобраз просты для ўспрыняцця, ён станоўчы і трошкі казачны, – кажа Ілля.

На мерапрыемстве прадэманстравалі, як ствараецца гравюра на сапраўдным старадаўнім друкарскім станку. Таксама можна было паслухаць гурт “Хмельны Вір” і паназіраць за сярднявечным жыццём, якое на адзін дзень аднавілі рэканструктары з Брэста і Мінска. Гісторыкі арганізавалі круглы стол, дзе расказвалі пра стварэнне гравюры і кантэкст, асобу гравера і яе наступнае выкарыстанне.

Адзін дзень з гісторыі Гродна: адноўленую гравюру XVI стагоддзя паказалі ў Новым замку

У Гродне можна набыць постар і выяву ў аддзяленнях “Белкнігі”, этнакраме “Цудоўня” і краме “Лёля”. Цана – ад 10 да 30 рублёў у залежнасці ад выявы. У гісторыка-археалагічным музеі яна з’явіцца пазней. Супрацоўнік музея Андрэй Вашкевіч кажа, што, меркавана, яна знойдзе месца ў адноўленай экспазіцыі Старога замка.

– Гэта вельмі важная падзея, бо людзі ўвялі яе [гравюру – рэд.] у культурны абарот. З аднаго боку, можна проста купіць выяву і валодаць ею. А з іншага, можна яе аднавіць, вывучыць тэхналогію, правярнуць цэлую кампанію вакол гэтага, – кажа Андрэй Вашкевіч.

Гісторык кажа, што аднаўленне гравюры – гэта падзея не столькі гістарычнага жыцця, колькі культурнага.

– Самае важнае, што яна жыве, вернута ў культурны абарот і вакол яе можна арганізоўваць розныя падзеі: культурныя, навуковыя. Яна нават неяк аб’ядноўвае людзей: гэта нагода для гродзенцаў ганарыцца тым фактам, што ў іх самая першая выява беларускага горада.

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]