У Гродне пройдзе квіз, прысвечаны Каліноўскаму і паўстанню 1863 года

Гродзенцаў запрашаюць паўдзельнічаць у квізе пра Каліноўскага. Ён пройдзе ў нядзелю, 16 чэрвеня, у 11.30 у “Цэнтры гарадскога жыцця”. Гэта частка кампаніі “Каліноўскі2019”.

Квіз правядзе Алесь Мазанік з інтэрнэт-крамы imbryk.by. Ён ужо два гады ладзіць падобныя квізы ў мястэчку Плябань, дзе перапахаваныя парэшткі паўстанцаў, у межах курсаў “Мова Нанова” і не толькі. Тройчы з квізам ён быў у Гродне.

У Гродне пройдзе квіз, прысвечаны Каліноўскаму і паўстанню 1863 года
Сяргей Верамеенка і Алесь Мазанік у Гродне

– Я ў працэсе падрыхтоўкі такой адметнай гульні, каб гэта былі не проста біяграфічныя звесткі, а каб гэта была гульня, дзе кожны можа нешта новае даведацца. Вядома, будзе частка пытанняў на веды, звязаныя з храналогіяй паўстання і з біяграфіяй Каліноўскага. І частка пытанняў, дзе адказ закладзены, проста трэба да гэтага дайсці. Будуць асобныя туры, прысвечаныя логіцы, музыцы, вершам, – расказвае Алесь. – Праехаўшы шмат гарадоў, я заўважыў, што людзі вельмі пазітыўна ставяцца да таго, што праз гэтыя лагічныя пытанні яны працягваюць нешта новае для сябе адкрываць.

Кожны наведвальнік атрымае паштоўкі, прысвечаныя паўстанню, якія стварыў мастак Ян Мяльніцкі. Алесь падкрэслівае, што яны яшчэ паказваюць гендарную роўнасць – там размешчаны і мужчыны, і жанчыны, якія ўдзельнічалі ў паўстанні. Кожны з каманды пераможцаў атрымае прыз. “Гэта будзе не проста банальны сувенір ці паштоўка, а нешта больш карыснае – кніжкі, дыскі”, – расказвае Алесь.

Таксама на квізе будзе дзейнічаць міні-кірмаш. Можна будзе набыць сувенірную прадукцыю, часопіс “Наша Гісторыя”, прысвечаны Каліноўскаму, кнігі.

Пасля Гродна Алесь можа паехаць з квізам і ў іншыя рэгіёны. Ён спадзяецца, што гэта дапаможа заангажаваць людзей у кампанію “Каліноўскі2019”.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: