Гродзенцаў запрашаюць паўдзельнічаць у квізе пра Каліноўскага. Ён пройдзе ў нядзелю, 16 чэрвеня, у 11.30 у «Цэнтры гарадскога жыцця». Гэта частка кампаніі «Каліноўскі2019».
Квіз правядзе Алесь Мазанік з інтэрнэт-крамы imbryk.by. Ён ужо два гады ладзіць падобныя квізы ў мястэчку Плябань, дзе перапахаваныя парэшткі паўстанцаў, у межах курсаў «Мова Нанова» і не толькі. Тройчы з квізам ён быў у Гродне.
Кожны наведвальнік атрымае паштоўкі, прысвечаныя паўстанню, якія стварыў мастак Ян Мяльніцкі. Алесь падкрэслівае, што яны яшчэ паказваюць гендарную роўнасць — там размешчаны і мужчыны, і жанчыны, якія ўдзельнічалі ў паўстанні. Кожны з каманды пераможцаў атрымае прыз. «Гэта будзе не проста банальны сувенір ці паштоўка, а нешта больш карыснае — кніжкі, дыскі», — расказвае Алесь.
Пасля Гродна Алесь можа паехаць з квізам і ў іншыя рэгіёны. Ён спадзяецца, што гэта дапаможа заангажаваць людзей у кампанію «Каліноўскі2019».