Новага кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Лукашэнка прызначыў праз год пасля пачатку гучнай «справы лекараў», у выніку якой былі арыштаваныя дзясяткі менеджараў у медыцынскай галіне, >піша s**boda.org.
Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі цытуе ягонае выказванне пра матывы замены кіраўніцтва ў Мінздароўя:
«Гэта ж ганьба, калі знізу даверху павязаныя хабарам кіраўнікі ўстаноў і арганізацый! Прытым добрыя кіраўнікі, якія сябе добра як адмыслоўцы зарэкамендавалі (ня будзем называць прозьвішчы). Да гэтага часу да мяне ходзяць, просяць: унікальны чалавек, адпусціце, ён будзе там дняваць і начаваць ва ўстанове аховы здароўя. Хабар, які ўзяў, вярнуў у падвойным памеры — трэба дараваць. Сяджу і думаю: а як дараваць? Бо папярэджваў жа ўсіх, што карупцыя — гэта не пра Беларусь. Даравання не будзе нікому. Крыху прыбурэлі, як у народзе кажуць, абнаглелі, таму ўсіх трэба прывесці да прытомнасці. І вы гэта можаце зрабіць».
Тым часам калегі-анколагі шкадуюць, што высакакласнага лекара-практыка прызначылі на чынавенскую пасаду.
Папярэднік Караніка Валеры Малашка прабыў міністрам аховы здароўя два з паловай гады. Да гэтага ён паўтара месяца быў міністрам працы і сацыяльнай абароны. Практыкаваў лекарам да 2004 году, потым 13 гадоў быў чыноўнікам — узначальваў упраўленне аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму, быў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму.
Прызначаючы Малашку ў студзені 2017 году, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «яму прапанавалі дзясятка паўтара кандыдатур, самы высокі рэйтынг пры праверцы аказаўся ў Малашкі».
Надта яскрава на міністэрскай пасадзе Малашка сябе не праявіў. Пры ім летам 2018 году пачалася «справа медыкаў», у якой фігуруюць каля 90 чалавек, траціна з іх — кіраўнікі ўстановаў, галоўныя лекары і намеснік міністра аховы здароўя. І хоць, мяркуючы па судовых матэрыялах, хабар і «адкаты» медыкі бралі яшчэ ў 2015−17 гадах, калі міністрам быў Васіль Жарко, у судах фігуравалі і эпізоды 2017−2018 гадоў, калі міністэрства ўзначальваў Валер Малашка.
Васіль Жарко, які на момант масавых арыштаў мэдыкаў быў віцэ-прэм'ерам, заявіў, што пра існаванне ў сістэме аховы здароўя маштабнай карупцыйнай схемы нічога не ведаў.
«Калі б я ведаў, то былі б меры прынятыя яшчэ тады… Што такая справа вырасце, я проста не чакаў».
У склад новага ўраду, які Лукашэнка прызначыў у жніўні 2018 году, Жарко не ўвайшоў.
Чуткі ў медычнай супольнасці пра змену міністра пачалі хадзіць пасля вераснёўскай нарады аб праблемах медычнай галіны. Лукашэнка папрасіў міністра Валерыя Малашку даць справаздачу пра тое, «што цяпер адбываецца ў ахове здароўя».
«А пасля будзем глядзець: ці зможа міністр далей працаваць разам з першым намеснікам, які тут не адзін год працуе і нясе, можа, большую адказнасць, чым новы міністр. Адказнасці ніхто не пазбегне», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле інфармацыі «Народнай Волі», называліся дзве асноўныя кандыдатуры на міністэрскую пасаду. Адна — сенатар Віктар Сірэнка, які ў 2010 годзе быў галоўным лекарам Бальніцы хуткай медычнай дапамогі, адкуль з ягонай згоды ў ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня збітага кандыдата ў прэзідэнты Уладзімера Някляева адправілі ў турму КДБ. Другая кандыдатура — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, былая кіраўніца РНПЦ отарыналарынгалогіі Людміла Макарына-Кібак.
Прозвішча Караніка нідзе не фігуравала. 11 чэрвеня раніцай у Менскім гарадскім анкадыспансеры ён праводзіў планёрку.
Калегі-анколагі ўспрынялі прызначэнне Уладзімера Караніка на міністэрскую пасаду з вялікім жалем.
«Уладзімер Сьцяпанавіч — ня толькі цудоўны, чулы кіраўнік. Менавіта пры ім гарадскі анкадыспансер быў аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, адкрылі новы радыялагічны корпус. Каранік — лекар ад Бога, першакласны хірург, у яго залатыя рукі. Раней ён быў загадчыкам аддзялення таракальнай хірургіі РНПЦ анкалогіі ў Бараўлянах, шмат аперыраваў. Калі яго прызначылі кіраўніком гарадскога анкадыспансера, вельмі шкадаваў, што ня мае часу праводзіць аперацыі. Але сам удзельнічае ў кансіліюмах, робіць абходы, кансультуе хворых.
Нам вельмі шкада, што яго забіраюць ад нас. Тым больш у такі няпросты час. Магчыма, на міністэрскай пасадзе ён больш патрэбны", — сказала на ўмовах ананімнасці калега Караніка.
"Пяльменная 1961" пачала працу на Савецкай, 23 у суботу, 22 лютага. Установа адкрылася на тым…
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…