З-за нядбалага стаўлення да працы галоўнага заатэхніка у СВК Гродзенскага раёна прыйшлося зарэзаць амаль 100 галоў жывёлы, распачата крымінальная справа. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці.
Службовая асоба падазраецца ў неналежным выкананні службовых абавязкаў, што пацягнула цяжкія наступствы. Пракурор Гродзенскай вобласці распачаў у дачыненні да яго крымінальную справу па арт.428 (службовая халатнасць) КК.
Як паказала даследчая праверка, на прадпрыемстве неналежным чынам была арганізавана падрыхтоўка кармоў з выкарыстаннем спецыяльнай дабаўкі. «Работнікі малочна-таварных ферм не мелі пра яе інфармацыі, таму ўводзілі ў рацыён жывёл у дозах, якія ў некалькі разоў перавышалі рэкамендаваную вытворцам колькасць. З-за гэтага былі вымушаныя прырэзаць жывёлу», — распавялі ў службе інфармацыі. Нядбайнае стаўленне да працы галоўнага заатэхніка, які абавязаны быў арганізаваць кармленне і догляд за жывёламі ў адпаведнасці з нормамі і правіламі, пацягнула таксама гібель прыплоду, недаатрыманне малака.
Для папярэдняга расследавання крымінальная справа накіраваная ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці.