Зубры, з якіх у канцы красавіка зрабілі каўбасу «Белавежскі трафей», жылі зусім не ў Белавежскай пушчы. Шэсць зуброў на мяса прадаставіў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў (СВК) «Азёры» Гродзенскага раёна. Гэта была спроба пазбавіцца «лішніх» жывёл і паглядзець, ці гатовыя беларусы купляць прадукцыю з мяса зубра. На думку старшыні СВК «Азёры» Аляксандра Шышко, прадукцыя беларусам спадабалася. Пра гэта піша расійскае інфармацыйнае агенцтва Sputnik.

Перасяліць - складана, паляванне - непапулярнае. У “Азёрах” расказалі, чаму пусцілі зуброў на каўбасу
Сервелат і пастрама з мяса зубра ў Еўраопце. Крыніца: koko.by

Азёрская папуляцыя зуброў - адна з самых буйных і хутка растучых у Беларусі. Яна налічвае 480 дзікіх быкоў.

«Пачыналася яна з 18 асобінаў зубра ў сярэдзіне 90-х гадоў. Планавалася давесці іх да 80. Менавіта столькі зуброў можа жыць у ландшафтным прыродным заказніку „Азёры“ без шкоды для прыроды», — патлумачыў Аляксандр Шышко.

Забойства для каўбасы — вымушаная мера

Вялікая папуляцыя зуброў стала прычынай праблем. Жывёлы топчуць і з’ядаюць пасевы, робяцца прычынай аварый на дарогах, абядняюць фаўну прыроднага заказніка і пачынаюць выцясняць іншыя віды.

«Мы зараз у безвыхадных стане. Папуляцыя хутка расце, пытанне з перасяленнем зубра ў межах Беларусі вельмі складанае. Іншыя гаспадаркі не хочуць разводзіць дадзены від. Ёсць пэўная цікаўнасць у Расіі, чым сёння нашая гаспадарка займаецца. Там зараз актыўна вырашаюць пытанне аднаўлення папуляцыі. Паляванне на зубра не карыстаецца вялікай папулярнасцю з-за высокай цаны. А рэгуляваць колькасць папуляцыі патрэбна», — сказаў Аляксандр Шышко.

Па словах Шышко, мэты зарабіць на зубрах не было. Гэта была спроба знайсці вырашэнне праблемы рэгуляцыі колькасці. Бо вялікі статак зуброў - празмерная нагрузка на заказнік «Азёры».

Чытайце таксама: Зуброў плануюць рассяліць на Слонімшчыне і Мастоўшчыне

Зубр у Чырвонай кнізе, але паляваць на яго можна

Зубр унесены ў Чырвоную кнігу. Але паляваць на яго можна для рэгуляцыі колькасці жывёл. Палююць на зуброў, якія належаць да рэзервовага генафонда.

Рэзервовы генафонд — жывёлы з прыкметамі крайняй ступені знясілення, хворыя, траўмаваныя, якія маюць несумяшчальныя з жыццём калецтвы, з прыроджанымі адхіленнямі ў фізічным развіцці, агрэсіўныя жывёлы, самцы старэйшыя за 14 гадоў і самкі старэйшыя за 15 гадоў. У рэзервовы генафонд кожую жывёлу пераводзяць на падставе спецыяльна пацверджаных актаў і працэдур.

Колькі каштуе паляванне на зубра

Цана дазвола на здабычу зубра з рэзервовага генафонда для грамадзян Беларусі і грамадзянаў краінаў членаў Еўразійскага эканамічнага саюза — ад 800 да 7 тыс. рублёў.

  • Сяголетак — 800 руб.
  • Маладняк ад аднаго да двух гадоў - да 2,5 тыс. руб.
  • Дарослы нетрафейны — да 5 тыс. руб.
  • Дарослы трафейны — да 7 тыс. руб.

Цана на здабычу зуброў для грамадзян іншых краін — ад 7 да 22 тыс. рублёў.