У кастрычніку 2019 года ў нашай краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва, сярод пунктаў будуць пытанні (нумар 12 і 13) і пра родную мову, нагадваюць ініцыятары кампаніі.
Беларуская мова — гэта неад’емная частка нашай культуры і гарантыя нашай будучыні як унікальнага народа. Вынікамі перапісу насельніцтва мы здольныя засведчыць самі сабе і ўсяму свету, што мы з’яўляемся паўнавартаснай нацыяй, годнай цікавасці і павагі з боку іншых нацый свету.
Адказ «беларуская» на пытанні перапісчыкаў аб роднай мове і мове штодзённага ўжытку мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэнне. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам «беларуская» можна паўплываць на яе станоўча.
Падтрымаць кампанію можна на molamola.by.
Ініцыятары кампаніі паведамляюць, што сабраныя сродкі пойдуць на прома-прадукцыю (паштоўкі, стыкеры), канцэрты і імпрэзы па папулярызацыі беларускай мовы ў рэгіёнах і ў Мінску, на выданне песняў па-беларуску, відэа-кантэнт і падтрымку ідэй па папулярызацыі беларускай мовы. Свае ідэі можа прапанаваць кожны.