Знаёміцца з Гродна і Беларуссю 4 чэрвеня прыехала група школьнікаў з падляшскіх Залукаў, якія вывучаюць беларускую культуру і мову. Падлеткі ў першую чаргу хочуць пазнаёміцца з краінай, пра якую шмат чулі, але ніколі не бачылі, а таксама пагутарыць з носьбітамі беларускай мовы.
Журналісты Hrodna.life пазнаёмілі гасцей з гісторыяй Гродна — правялі экскурсію па вулачках старога горада, паказалі мясцовыя славутасці, і завялі ў музеі Ігара Лапехі і Януша Паруліса.
Польскіх школьнікаў у Гродне цікавіў і лідар гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў. Спецыяльна для іх музыка зладзіў сустрэчу ў Цэнтры гарадзкога жыцця. Там ён пагутарыў з імі пра творчасць гродзенскага калектыву і культуру Беларусі.
«У нас у Залуках (гміна Гарадок) ёсць вясковая школа і вучні там вывучаюць беларускую мову і культуру. Тры гадзіны на тыдзень, — распавядае адна з настаўніц Уля Шубзда. — І нам вельмі цікава прыехаць у Гродна. Хацелася, каб вучні ўбачылі тут людзей, якія робяць цікавыя рэчы для папулярызацыі беларускай культуры, кажуць на мове. Паказаць тую самую крутую Беларусь, якой можна захапляцца і натхняцца. Для нас такія паездкі важныя, бо мы хочам пазнаёміцца з Беларуссю бліжэй. Напрыклад, шматлікім вучням школы падабаецца гурт Dzieciuki. З дапамогай яго яны адкрылі для сябе Беларусь з іншага боку. Зразумелі, што беларуская культура і мова не толькі дзесьці ў вёсках і народных калектывах, але і ў буйных гарадах, яна папулярна сярод моладзі».