27 мая Беларускі рэспубліканскі мастацка-экспертны савет па манументальным i манументальна-дэкаратыўным мастацтве аднагалосна зацвердзіў помнік Вялікаму князю Гедыміну. Пра гэта распавялі аўтары помніка – мінскія скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў.


Помнік «Заснавальнік замка – князь Гедымін» усталююць у Лідзе, у скверы на скрыжаванні вуліц Грунвальдская і Замкавая каля паўночнай сцяны Лідскага замка.
Сяргей Аганаў – аўтар помніка Давыду Гарадзенскаму ў Гродне. У 2019 годзе стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Чалавек года ў сферы культуры».
Вольга Нячай – кандыдатка мастацтвазнаўства, скульптарка і жывапісец-акварэлістка.

Як пісаў lida.info, праект рэалізуецца выключна за кошт пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў. Вобраз вялікага князя будзе максімальна адпавядаць гістарычнай праўдзе, аўтары ўлічылі і пароду каня.





Гедымін – вялікі князь Літоўскі (1316-1341), падчас кіравання якога тэрыторыя ВКЛ павялічылася ўдвая, лічыцца заснавальнікам Ліды: ў 1323 годзе ён пачаў будаўніцтва Лідскага замка.


