Брыгады хуткай дапамогі з Гродна, Мінска і Беластока сабраліся 22−23 мая на прафесійныя спаборніцтвы, што прайшлі на базе адпачынку «Купалінка». Гэта першыя спаборніцтвы лекараў «хуткай» з Гродзенскай вобласці, якія праходзяць у адкрытым фармаце. Усе брыгады атрымлівалі «ўводныя» і выязджалі на выклікі. Амаль кожнае выпрабаванне мела нечаканы паварот сюжэта, які патрабаваў ад удзельнікаў імгненнай рэакцыі і зладжанай працы. Hrodna.life назіраў, як праходзіць выпрабаванні каманда 7-й падстанцыі хуткай дапамогі з Мінска - лекар Яўген Юдакоў і фельдшары Аляксандр Лінчык і Міхаіл Крыцкі.

"Будзем рэанімаваць!" Лекары з хуткай дапамогі Беларусі і Польшчы сустрэліся на спаборніцтвах у Гродне

Па словах удзельнікаў, прапанаваныя сітуацыі былі набліжанымі да рэальных. Праўда, так шмат нечаканасцяў за адно дзяжурства выпадае рэдка. Калі прыехалі дапамагаць жанчыне на першым выкліку, аказалася, што разам з ёй пацярпела і дзіця. Далей — хлопец нібы проста ўпаў, а пры даследванні сітуацыі пабачылі, што ўдарыўся аб вялізны камень. На наступным — легенду закруцілі так, выехаўшы на магчымае атручванне з папярэджанем «неадэкватныя паводзіны», лекарам давялося ратаваць уласнага калегу.

У ролі «пацярпелых» выступалі таксама медыкі з хуткай дапамогі і студэнты, хаця на першы погляд падавалася, што гэта прафесійныя акторы. Кажуць, што сітуацыі былі жыццёвыя, бачыць падобныя даводзілася не аднойчы.