У суботу, 25 мая беларускі гурт Akute выступіць у якасці хэдлайнера на гарадскім пікніку Vulitsa Ezha, які пройдзе ў Гродне ўжо ў другі раз. На выступе магілёўцы прадставяць кампазіцыі са свайго новага пятага студыйнага альбома, які так і называецца — 'V'. Пачуюць госці фестывалю і лепшыя песні з папярэдніх чатырох пласцінак.

У альбом, які магілёўскія рокеры рыхтавалі каля года, увайшлі 8 трэкаў. У іх стварэнні прымалі ўдзел не толькі Akute, але і іншыя выканаўцы: магілёвец Дзяніс Астапаў («Грязь») і французская актрыса Мары Ле Гал. Музыкі працягнулі эксперыментаваць: на новай плыце фірмовы дыска-дэкаданс зайграў у электронным гучанні з адметнымі рысамі групы.

Па словах музыкаў, ад папярэдніх пласцінка адрозніваецца наяўнасцю новых інструментаў, якія раней не выкарыстоўваліся — гэта сінтэзатары, розныя марэрнавыя гукі і класічныя электронныя інструменты.

«У альбоме шмат электронікі, якой раней у Akute не было, і гэта наш першы досвед працы з ёй. Альбом цалкам запісаны і зведзены намі на нашай студыі. Мы ўпершыню паспрабавалі сябе ў саўнд-дызайне і змаглі аформіць песні менавіта так, як яны гучалі ў нас у галаве», — адзначае Станіслаў Мытнік, вакаліст Akute.

У падтрымку альбома праходзіць тур Akute па Беларусі, які стартаваў у красавіку. Новы сінтэзатарны альбом у жывым выкананні ўжо пачулі Віцебск, Гомель, Магілёў, Мінск і Брэст. А ўжо ў гэтую суботу такая магчымасць з’явіцца і ў жыхароў Гродна.

Што: гарадскі пікнік Vulitsa Ezha

Калі: 25 мая

Пачатак: 20:00

Дзе: ЦСК «Нёман», г. Гродна, вул. Камунальная, 3

Кошт: 5 BYN