Дзеці з хоспіса разам з гродзенскімі мастакамі і дыпламатамі Літвы і Польшчы напішуць карціны ў стылістыцы імпрэсіяністаў. Арт-сесія пройдзе ў Кронан Парк-Атэлі 22 мая ў 16.00. Серыя створаных карцін будзе паказана ў Гродне і за мяжой. Сродкі, атрыманыя ад дэманстрацыі і продажу палотнаў, пойдуць на медыцынскае абсталяванне для цяжка хворых пацыентаў дзіцячага хоспіса.
Разам з дзецьмі за мальбертамі будуць працаваць 10 гродзенскіх мастакоў. Сярод іх — Вікторыя Ільіна, Аляксандр Сільвановіч, Генадзь Піцко. Крыніцай натхнення для творчых груп стануць працы Клода Манэ «Гарлачыкі» і «Сажалка». Мастакам прапануюць адлюстраваць на палотнах свае ўражанні ад мясцовых прыгажосцяў і напісаць узыход сонца або пейзажы з Аўгустоўскім каналам. Дзеці з хоспіса стануць іх паўнапраўнымі сааўтарамі.
Ужо летам 2019 году гэтыя работы пакажуць на выставах у Польшчы і Літве, а перад Новым годам — у Гродне. На атрыманыя ад дэманстрацыі сродкі купяць абсталяванне для пацыентаў хоспіса.
Арт-сесія і выставы — гэта частка вялікай праграмы дзіцячага хоспіса «Абілітацыя». Яе задача — дапамагчы дзецям з цяжкімі ці невылечнымі захворваннямі набыць і развіць неабходныя функцыі і навыкі. Мастакі дапамогуць ім асвоіцца з пэндзлямі і фарбамі, а медыцынскае абсталяванне — аблегчыць паўсядзённае жыццё.
Ахвяраванні у праекце «Хвалі дабрыні» патрэбны, каб купіць 2 кахляторы (яны дапамагаюць адкашляцца, калі ў дзіцяці не хапае сіл), 2 вертыкалізатары (яны дапамагаюць падняць дзіцяці на час працэдур) трахеастомічныя трубкі і фільтры для іх, а таксама апарат, з якім можна браць аналізы дома.
Агульны кошт неабходнага абсталявання — каля 60 000 беларускіх рублёў.
«Хвалі дабрыні» — не першая мастацкая акцыя Гродзенскага дзіцячага хоспіса. У 2017 годзе мастакі горада паўдзельнічалі ў праекце «З вера ў жыццё і людзей» ў падтрымку дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі.