15 мая апошнія ўдзельнікі рачнога сплаву ў Карпатах, у якім загінула трое беларусаў, вярнуліся ў Беларусь. На чыгуначным вакзале пацярпелых сустракалі рэанімабілі. Пра гэта «Нашай Н**е» расказаў удзельнік сплаву Максім Каралеўскі.
«Шасцёра чалавек з траўмамі пазваночніку, з пераломамі рэбраў і таза, рванымі ранамі ўсё яшчэ знаходзяцца ў беларускіх бальніцах. Некаторыя па прагнозах дактароў не змогуць хадзіць яшчэ некалькі месяцаў. У Кацярыны чэрапна—мазгавая траўма, у Яўгена — разрыў абоіх лёгкіх. Спатрэбіцца доўгая рэабілітацыя, якая патрабуе і часу, і грошай. Але галоўнае, што ўсе дома і што жыццю гэтых рабят больш нічога не пагражае».
Пацярпелыя ў Беларусь вярталіся на цягніку. Максім Каралеўскі расказаў, што з дастаўкай пацярпелых былі пэўныя праблемы.
«Украінскія дактары не хацелі браць на сябе адказнасць і не давалі дазволу на транспарціроўку параненых. Настойвалі, каб далечваліся ва Украіне. А самі пацярпелыя і іх сем'і настойвалі на вяртанні ў Беларусь. Таму трэба было прымаць рашэнне аб вяртанні. У некаторых рабят адсутнічала медыцынская страхоўка, таму ўзніклі пытанні, якім чынам будуць аплачвацца паслугі хуткай дапамогі. Да таго ж, паўтаруся, пастановы ад украінскіх дактароў не было, таму дактары беларускія не маглі суправаджаць пацярпелых. Прынамсі, каб самім аплаціць паслугі рэанімабіля і суправаджэнне двух дактароў, трэба было заплаціць 5 400 беларускіх рублёў», — расказвае Максім.
Максім Каралеўскі адзначае, што ўкраінскія дактары пайшлі насустрач і за медыцынскае абслугоўванне ў бальніцах Івана—Франкоўска і Верхавіны нават не выставілі рахунак.
«Мы за свой кошт набывалі рабятам лекі, прыносілі ежу. А за абслугоўванне, за аперацыі, за койкамесцы ўкраінскія дактары грошай не ўзялі, за што ім вялікі дзякуй», — кажа Максім.
Загінулых даставілі ў Беларусь праз два дні пасля здарэння. Яўгена Іванова пахавалі 8 мая, Тамару Ашухіну і Ангеліну Юшкевіч — 9 мая.
«З дастаўкай загінулых былі пэўныя праблемы. Мы спрабавалі зрабіць гэта як мага хутчэй. У консульстве жа не разумелі, чым яны нам могуць дапамагчы. Мы самі дамаўляліся з агенцтвамі, якія займаюцца дастаўкай загінулых. За кожнага з загінулых заплацілі 1000 долараў. Але, відаць, калі сваякі выйшлі на міністэрства замежных спраў, працэс паскорыўся», — кажа Максім.
Пра загінулых Максіму гаварыць цяжка. Яўген Іваноў і Тамара Ашухіна былі блізкімі сябрамі Максіма.
«Я адчуваю сваю не, не віну, адказнасць за ўсіх рабят, што трапілі ў гэтую трагічную гісторыю. Тамару і яе хлопца Сяргея я ўгаварыў паехаць у Карпаты. З Яўгенам, які быў арганізатарам сплава, я знаёмы з падлеткавага ўзросту. Мне вельмі балюча чуць, што некаторыя цяпер вінавацяць Яўгена ў тым, што ён не паклапаціўся пра страхоўкі для ўдзельнікаў паходу. Я гутарыў з жонкай Яўгена Таццянай. Сям’я Яўгена падкрэслівае, што адмаўляецца ад любой матэрыяльнай дапамогі. І што яны самі гатовыя падтрымліваць грашыма тых, хто пацярпеў», — расказвае Максім.
Украіна завяла дзве крымінальныя справы. Супраць вадзіцеля, па віне якога адбылося ДТЗ, у якім загінулі людзі. Па гэтым артыкуле кіроўцу можа пагражаць за 10 год зняволення. А таксама крымінальная справа ўзбуджаная супраць дырэктара атэля, якому належала тая злашчасная машына Газ —66.
«Як адбылося, што машына з’ехала ў раку? Тыя, хто быў у кабіне з кіроўцам гаварылі, што машына падымалася ўгару. Вадзіцель хацеў пераключыць перадачу на больш нізкую, каб машыне было лягчэй. Але нешта там заклінавала ў каробцы перадач. Кіроўца спрабаваў націснуць на тармазы, але машына працягвала накацікам скочвацца назад. Дарэчы, узбочыну ад абрыву аддзяляла толькі адно бервяно. І яно ГАЗ не спыніла», — расказвае Максім.
Прыкра ў гэтай гісторыі тое, што гаспадар атэлю і машыны не прызнае сваю віну.
«Спачатку ён выбачаўся, абяцаў заплаціць усе выдаткі пацярпелых, а пасля пагутарыў са сваім адвакатам і перарваў усе адносіны з людзьмі, якія пацярпелі праз няспраўную машыну. Адвакат яму забараніў гутарыць з пацярпелымі. Іх пазіцыя ў тым, што яны невінаватыя. Балюча на гэта глядзець. Несправядліва гэта, калі чалавек, па віне каторага загінулі трое людзей, ратуе толькі сваю шкуру», — узрушаецца Максім Каралеўскі.
Адкрытыя дабрачынныя рахункі.
«Трэба аплаціць паслугі дактароў, паслугі адвакатаў. Падтрымаць сем'і загінулых, пацярпелых. Я ведаю, што грашыма нічога не паправіш. Але людзі не павінны заставацца адныя са сваёй бядой. Людзям патрэбна ведаць, што іх падтрымліваюць, што яны не пакінутыя», — падсумаваў Максім Каралеўскі.