Санітарная служба правяла маніторынг 14 крам у Гродзенскім раёне, у пяці з іх выяўлены прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Аб выніках «Перспектыве» распавяла загадчыца аддзялення гігіены харчавання Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Хартановіч. Сапсаваная прадукцыя выяўлена ў крамах філіяла ЗАТ «Юніфуд» у Скідзелі (па вул. Леніна і Савецкай) і Абухава (па вул. Садовай). У гэтым спісе апынуліся і крамы «Родны кут» Гродзенскага філіяла облпо ў Верцялішках і Лойка.

Акрамя таго ў чатырох гандлёвых аб’ектах выяўленыя прадукты без маркіроўкі. Усяго па выніках маніторынгу забаронена рэалізацыя 24 кг харчовай прадукцыі. Мелі месца і іншыя парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства. Маніторынг працягваецца.

Дарэчы, у крамах ЗАТ «Юніфуд» спецыялісты санслужбы ўжо неаднаразова выяўлялі прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці. За гэта юрыдычная асоба прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.