Беларусы вырабілі дэсерт, які дагэтуль не выпускалі сусветныя вытворцы, піша symbal.by. Марозіва «Белы полюс» з пялёсткамі валошак і насеннем лёну ў жытнёвым кубачку ўжо могуць пакаштаваць наведнікі крамы Symbal.by ў Мінску. Кошт 90-грамовай порцыі з першай партыі - 1 рубель 50 капеек.
Беларускі трэнд на валошкі задаў стагоддзе таму паэт Максім Багдановіч, а цяпер гэтыя кветкі з’яўляюцца на самалётах, шыльдах рэстаранаў і нават у марозіве. Нацыянальны дэсерт з «кветак радзімы» вырабіла найстарэйшая ў Беларусі фабрыка марозіва «Белы полюс».
Валошка — не адзіная беларуская фішка: пламбір змяшчае насенне лёну, а кубачак — жытнёвую муку. Задумка вытворцаў - стварыць прадукт, пакаштаваўшы які, турыст у літаральным сэнсе адчуе Беларусь на смак.
Каментуе намеснік дырэктара па маркетынгу «Белага полюса» Максім Журовіч:
— Мы даўно заўважылі, што простае пытанне турыста «што незвычайнае можна пакаштаваць у Беларусі?» ставіць у тупік нашых людзей, якія адразу прыгадваюць хіба што дранікі.
Спадзяёмся, што валошкавы пламбір вырашыць праблему: гэта на самай справе смачнае марозіва і ўнікальны прадукт, якога няма ні ў адной краіне свету, апроч Беларусі. На смак яго наўрад ці паблытаеш з іншым дэсертам. Малочная аснова марозіва дапаўняецца кветкава-травяным водарам, а калі здараецца раскусіць зерне лёну, адчуваецца салодкі мядова-масляны прысмак.
«Белы полюс — марозіва пламбір у вафлевым кубачку…» — так кампанія апісвае новае марозіва на яго ўпакоўцы. Брэнд прасоўвае беларускую мову і культурныя сімвалы. Таму лагічна, што першым пунктам, дзе з’явілася валошкавае марозіва, стала крама нацыянальнай атрыбутыкі Symbal.by. Там новы прадукт будзе прадавацца з 13 мая і да халоднай восені.
З сярэдзіны мая валошкавы пламбір стануць паступова завозіць у супермаркеты сталіцы ды іншых беларускіх гарадоў. Экспартаваць дэсерт за межы краіны вытворцы адмовіліся прынцыпова, каб пакінуць разынку (дакладней валошку) «толькі ў Беларусі і болей нідзе».