Павел Сідаровіч з двух «даросліках» зрабіў адзін ровар. Эксперымент атрымаўся, цяпер хлопец ездзіць па горадзе на ўласнай распрацоўцы.
Павел працуе поварам. Кажа, што заўсёды імкнуўся да чагосьці незвычайнага. Ідэя злучыць два ровары прыйшла выпадкова.
«У 2018 годзе я наводзіў парадак на лецішчы і вырашыў пазбавіцца ад двух старых „дарослікаў“, — распавядае Павел. — У адзін момант прыйшла ідэя, а чаму б што-небудзь не прыдумаць з імі. На лецішчы як раз быў зварачны апарат. Узяў доўгую трубу з чорнага мэталу, разрэзаў папалам і, нават не мераючы, проста варыў. У выніку атрымаўся такі ровар, а спачатку хацеў выкінуць».
«Эксперымент з роварам атрымаўся і чымсьці ён падобны на кастамны байк. На ім я зараз катаюся з вялікім задавальненнем і ведаю, што ў горадзе такіх няма. Рэакцыя на мой транспарт у людзей розная, але ў асноўным станоўчая, многія здзіўляюцца. Ехаць на веласіпедзе зручна, цяжкасці ўзнікаюць толькі з паваротам, амаль як на фуры. Ну і трэба разумець, што не кожны зможа на ім ехаць, вага ровара амаль 29 кг. І каб круціць педалі на працягу некаторага часу патрэбныя моцныя ногі», — дадаў Павел.