Завяршаецца забудова Пралетарскай вуліцы — якім будзе новы жылы квартал недалёка ад цэнтра горада, глядзіце ў рэпартажы vgr.by.

За апошнія некалькі гадоў Пралетарская вуліца змянілася да непазнавальнасці. Нешырокая дарога ад скрыжавання з праспектам Касманаўтаў і ў напрамку чыгуначных шляхоў цяпер як быццам дзеліць раён на два: злева, дзе раней размяшчалася былая вайсковая частка, — шматпавярховая забудова, справа — прыватны сектар з агародамі.

Ад былога ваеннага гарадка засталіся толькі дзве казармы. У адной з іх, на вуліцы Шчорса, 11а, цяпер поўным ходам ідуць работы. Праз некалькі месяцаў тут павінен адкрыцца новы гандлёвы цэнтр «Kazzarma Mall». Астатняя тэрыторыя забудавана вышыннымі дамамі і па большай частцы добраўпарадкавана. Каля шматпавярховак на пафарбаваных ў яркія колеры гульнявых пляцоўках чутныя звонкія дзіцячыя галасы, шпацыруюць матулі з каляскамі, устаноўлены лаўкі і крытыя смеццевыя пляцоўкі, а прыдамавыя паркоўкі шчыльна застаўленыя машынамі. У новым квартале амаль не засталося прыватных дамоў. У раёне сярэдняй школы № 13 ўсталявалі святлафор, але ён пакуль не працуе. Зараз на Пралетарскай вуліцы ўзводзяць апошні вышынны дом. Здаць яго павінны летам гэтага года. Усяго па праекце ў новым квартале ўзведзена дзевяць дамоў, тры з іх з маналітнымі 14-павярховымі ўстаўкамі. Усяго пабудавана 840 кватэр, з іх 72 аднапакаёвыя, 410 двухпакаёвых і 358 трохпакаёвых кватэр — усяго 57 386 кв. м. жылля. Плануецца, што тут змогуць жыць каля двух тысяч чалавек, распавёў дырэктар праектнага кіравання ААТ «Гроднажылбуд» Сяргей Скорб. Агульная плошча жылой забудовы складзе 8,36 гектараў.