Першы гол 18-гадовага кыргызскага паўабаронцы Гулжыгіта Алыкулава прынёс перамогу «Нёману» ў хатнім матчы супраць «Віцебска» ў пятніцу 19 красавіка.
У другім тайме пасля выхаду на поле гульцу спатрэбілася ўсяго 5 хвілін, каб забіць гол. На 73-й хвіліне з другой спробы ён адправіў мяч у далёкі кут варот «Віцебску».
— Перад выхадам на замену трэнер мне сказаў больш адпрацоўваць у абароне і нападзе. Я выканаў сваю працу. У цэлым была добрая гульня, мы рыхтаваліся сур’ёзна, вось і вынік ад праведзенай працы. Галоўнае, гулялі да канца і рабілі ўсё магчымае, каб перамагчы перад сваімі заўзятарамі. Я сюды прыйшоў, каб дапамагаць камандзе перамагаць, і гатовы выкладвацца на 120%. Калі я забіў гол і на трыбунах крычалі маё імя, гэта было невымоўнае пачуццё. Дзякуй заўзятарам, — распавёў Алыкулаў.
Алыкулаў далучыўся да «Нёмана» ў зімовае міжсезонне перад турнірам у Жодзіна і правёў перад падпісаннем кантракту за жоўта-зялёных 6 матчаў, у якіх забіў два мячы і зрабіў галявую перадачу. 15 лютага паўабаронца маладзёжнай зборнай Кыргызстана падпісаў з гродзенскім клубам кантракт тэрмінам на тры гады.