З наступнага тыдня лесапаркі і зоны адпачынку ў горадзе пачнуць апрацоўваць ад кляшчоў, піша vgr.by.
Першым стане Каложскі парк — акарыцыдную апрацоўку там правядуць у панядзелак, 22 красавіка. Урочышча Пышкі (Сцежка здароўя) апрацуюць ад кляшчоў 23 красавіка, парк Жылібера — 24 красавіка, лесапаркавую зону Румлёва, лясныя масівы на Кабяка, а таксама ў мікрараёне Альшанка — 25 красавіка, урочышча Ласосна і тэрыторыя ля Юбілейнага возера — 26 красавіка.
Апрацоўваецца не ўся плошча лясных масіваў, а толькі тэрыторыі ў раёне пешаходных і веладарожак, спартыўных пляцовак і іншых месцаў адпачынку людзей. Напрыклад, уздоўж пешаходных дарожак зона апрацоўкі будзе па абодва бакі ў 1,5 метра. Спецыялісты рэкамендуюць не наведваць зоны адпачынку на працягу трох дзён пасля апрацоўкі.
— Супрацьклешчавыя апрацоўкі праводзяцца з выкарыстаннем прэпарата для знішчэння іксодавых кляшчоў, які бяспечны для здароўя людзей і жывёл. Сродак дзейнічае каля паўтары месяцы, — расказала доктар-эпідэміёлаг дэзінфекцыйнага аддзялення Гродзенскага занальнага ЦГЭ Ганна Капусцінская.