Жыхара Наваградку Дзмітрыя Бондара, больш вядомага ў сацыяльных сетках як «біскуп свету», асудзілі на 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд абвясцілі ў судзе Наваградскага раёну 16 красавіка, паведамляе s**boda.org.

У гэты тэрмін залічаць болей за паўгода, што Бондар ужо правёў у СІЗА. Пра гэта расказала сяброўка Дзмітрыя Бондара Ніна Паўлоўская.

Бондара прызналі вінаватым у «заведамым стварэнні для іншай асобы небяспекі заражэння вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ)» (ч. 1 арт. 157 Крымінальнага кодэксу), то бок у тым, што ён не папярэджваў сваіх сексуальных партнёраў, што мае ВІЧ. Па словах маці і сяброў, Дзмітры пры палавых кантактах выкарыстоўваў сродкі абароны.


«Нібыта не папярэджваў, што хворы на ВІЧ». У Навагрудку пачаўся закрыты суд над «біскупам свету»

Вядома, што пяцёра чалавек былі прызнаныя пацярпелымі, але ў судзе яны заявілі, што ня маюць прэтэнзій да Бондара. Дзмітры плануе абскарджваць прысуд.

Справу разгледзелі за 4 дні ў закрытым рэжыме. Да гэтага фігурант больш за паўгода знаходзіўся ў СІЗА.

Праваабаронцы ў сферы ВІЧ/СНІД раней прасілі суд апраўдаць Бондара. На іхную думку, у дзеяннях мужчыны не было віны.


Эксперт у сферы ВІЧ аб справе «епіскапа свету»: «У Дзмітрыя віны ніякай няма»

Дзмітрыя Бондара затрымалі летась 2 кастрычніка на вядомай фэнтэзі-сядзібе Літоўка пад Наваградкам, якая належала ягонаму сябру Сяргею Ковалю. Праз некалькі тыдняў пасля гэтага Коваль звольніў работнікаў і закрыў сядзібу для наведвальнікаў. Ён прызнаваў, што цяжка перажывае затрыманне сябра.

Гаспадар Літоўкі скончыў жыццё самагубствам сёлета 1 студзеня з невядомай прычыны.