Бальную сістэму барацьбы са злоснымі парушальнікамі правілаў дарожнага руху могуць увесці ў Беларусі гэтай вясной, паведаміў сёння міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, піша belta.by.

«Мы завяршылі працу над праектам і адправілі на ўзгадненне ў кампетэнтныя органы. Наколькі я ведаю, усе дзяржорганы разгледзелі праект і выказалі прынцыповую згоду з ім. Застаецца заканадаўча прыняць нарматыўны дакумент. Спадзяюся, гэта адбудзецца вясной», — сказаў Шуневіч.

У канцы лютага Міністэрства ўнутраных спраў прапанавала ўвесці новую сістэму рэагавання на наўмысныя і неаднаразовыя парушэнні ПДР з боку кіроўцаў. Яна заключаецца ў тым, што за пэўныя віды правапарушэнняў у галіне дарожнай бяспекі прапануюць налічваць балы. Калі грамадзянін будзе набіраць пэўную іх колькасць, будзе пазбаўляцца правоў кіроўцы на некаторы час.