Паблізу скрыжавання вуліц Багушэвіча і Караткевіча дзяўчынка перасякала праезную частку па пешаходным пераходзе. Адчула моцны ўдар злева, ўпала перад машынай, страціла прытомнасць і апрытомнела ў бальніцы. Бацька даведаўся пра здарэнне ад супрацоўніка ДАІ.

Кіроўца «Форда» рухаўся з боку вуліцы Напалеона Орды. Набліжаўся да пешаходнага пераходу і звярнуў увагу, што святлафоры не працуюць. Павярнуўшы галаву ў левы бок, пабачыў, што ішлі людзі. Калі паглядзеў направа, убачыў дзяўчынку і збіў яе ў сярэдняй паласе. Ацаніўшы стан (убачыўшы кроў на твары), кіроўца пакінуў месца ДТЗ і даставіў дзіця ў шпіталь. Хоць вострай неабходнасці ў гэтым не было.

Пацярпелую шпіталізавалі, паведамляе «Гродзенская праўда».

— Жыццю дзяўчынкі нічога не пагражае, сур’ёзных траўмаў у яе няма. У бальніцы ёй аказалі ўсю неабходную медыцынскую дапамогу. Яшчэ некаторы час дзяўчынка будзе знаходзіцца пад наглядам лекараў, — распавёў галоўны лекар гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Сяргей Таранцэй.