Жыхар вёскі Вялікая Кракотка Слонімскага раёна падазраецца ў здзяйсненні двух крымінальных злачынстваў. Мужчына 1973 году нараджэння ў 2015 годзе быў судзімы па ч.2 арт.205 КК РБ — «Крадзеж». За апошнія два гады пяць разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.

«5 красавіка грамадзянін 1973 году нараджэння пранік у дом пенсіянеркі 1932 года нараджэння. Мужчына ведаў, што на дадзены момант жанчына знаходзіцца ў бальніцы, а таму разумеў, што яму не будзе складана здзейсніць крадзеж. Апынуўшыся дома, ён забраў прадукты харчавання коштам больш за пяць рублёў. Дадзенае злачынства ён здзейсніў у стане алкагольнага ап’янення, затым вырашыў пазбавіцца ад доказаў, а для гэтага падпаліў дом пенсіянеркі. У выніку полымя перакінулася на суседні нежылы дом. Праз некалькі гадзін агонь ўбачыў жыхар вёскі і патэлефанаваў у МНС. На жаль, два дамы былі знішчаны агнём. Супрацоўнікі Слонімскага РАУС праводзілі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і высветлілі асобу падазраванага. На дадзены момант ён затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства» — распавёў першы намеснік начальніка Слонімскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Віталь Асоцкі.

Крымінальныя справы ўзбуджаныя па частцы другой артыкула 205 крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — «Крадзеж» і па частцы другой артыкула 218 крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — «Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці».