Бацькі нядаўна памерлага навучэнца спартовай школы ў Лідзе заявілі, што прычынай ягонай смерці мог стаць выпадак гвалту ў вучэльні. Адміністрацыя вучэльні гэта адмаўляе. Следчы камітэт вядзе праверку, піша «Радыё С**бода».
Што адбывалася перад сьмерцю 16-гадовага Андрэя Дараховіча, выхаванца вучэльні алімпійскага рэзэрву ў Лідзе, ягоныя бацькі даведаліся толькі пасьля пахаваньня сына.
У Лідзе, у філіяле Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву, памёр навучэнец 10-й клясы аддзяленьня цяжкай атлетыкі Андрэй Дараховіч, паведамляла раней прэс-служба Міністэрства спорту і турызму Беларусі.
Як адзначалася, хлопцу стала кепска пасьля плянавай трэніроўкі. Выклікалі «хуткую», аднак выратаваць яго не ўдалося. Па факце сьмерці праводзіцца сьледзтва.
Андрэй памёр увечары 1 красавіка. Бацькам паведамілі пра сьмерць сына празь 2,5 гадзіны. Але зразумець хаця б прыкладныя абставіны таго вечара яны здолелі толькі празь некалькі дзён, калі пагаварылі зь іншымі выхаванцамі вучэльні.
Сям’я Дараховічаў жыве ў Скідзелі. Яны выхоўваюць яшчэ дваіх дзяцей: 18-гадовую Ангеліну і 2-гадовую Веру.
Маці Андрэя Іна пачала хвалявацца ў дзень трагедыі, калі сын не патэлефанаваў пасьля трэніроўкі ў 19.30, як рабіў штодня, і не адказаў на ейныя званкі.
Толькі ў 22.40 Дараховічам патэлефанаваў дырэктар вучэльні. Яны зразумелі толькі, што ў Андрэя спынілася сэрца, яго ня выратавалі, і дырэктар спачувае з гэтай нагоды. Іншае ўспрымалі цьмяна. Адразу ўночы паехалі ў Ліду.
«Мы спадзяваліся, што гэта памылка. Але, калі зайшлі ў пакой, ложак Андрэя быў засланы, Сьледчы камітэт ужо браў адбіткі пальцаў. Дайшло, што гэта ня жарт, гэта наш Андрэй», — плача маці.
У той вечар ім ніхто нічога не патлумачыў, убачыць цела сына ў моргу яны таксама не змаглі. Першапачатковыя вэрсіі, якія яны чулі ад кіраўніцтва вучэльні, здаюцца бацькам непраўдападобнымі.
«Нам спачатку казалі, што яму стала кепска на прыпынку. Як упаў? Ён быў здаровы, правяраўся. Можа, нехта пхнуў? Не, сам стаяў і ўпаў. Потым была вэрсія, што яго на прыпынку ўдарылі ў сьпіну», — расказвае Іна.
Толькі ўвечары пасьля пахаваньня найлепшая сяброўка загінулага хлопца Карына расказала ягонай сястры Ангеліне сваю вэрсію абставін трагедыі. Амаль усё адбывалася на вачах у дзяўчыны. Карына разам з Андрэем выходзілі з трэніроўкі безь пяці сем вечара, каб ехаць у інтэрнат. Аднак Андрэй вярнуўся ў разьдзявальню, каб вырашыць пэўныя справы са сваім знаёмым спартоўцам Русланам С. Зь імі тады ў памяшканьні былі яшчэ некалькі чалавек.
«Перад гэтым Руслан пачаў задзірацца да Андрэя. Казаў: «Станавіся каля сьценкі, я буду «фанэру прабіваць», гэта значыць у грудзі біць. Карына пачула нейкія плескачы. Потым сябры закрычалі, каб выклікалі «хуткую». Гэта адбылося каля 19.00, а ў 20.15 мэдыкі сказалі, што ён памёр», — распавядае Ангеліна.
Наколькі цяпер сям’я ведае са словаў навучэнцаў, Андрэй ад удару Руслана адразу страціў прытомнасьць і ўпаў. Ротам пайшла кроў.
Афіцыйна прычына сьмерці яшчэ ня высьветленая, праводзіцца экспэртыза.
Сябры Андрэя кажуць, што той Руслан — зь іншай вагавой катэгорыі, кандыдат у майстры спорту. Іншыя хлопцы ў разьдзявальні былі малодшыя і потым моцна шкадавалі, што не змаглі абараніць калегу.
Ці быў паміж хлопцамі нейкі канфлікт і што стала нагодай для «прабіваньня фанэры», бацькі ня ведаюць.
Яны мяркуюць, што гэта прыкмета дзедаўшчыны. На думку маці, гэта нешта кшталту пасьвячэньня ў сапраўдныя спартоўцы. Відаць, іхны сын не хацеў выглядаць слабаком, таму пагадзіўся на гэты рытуал. Праўда, раней Андрэй ніколі ня скардзіўся на кепскае стаўленьне да яго з боку старэйшых навучэнцаў. Іна чула ад сына, што іншых навічкоў маглі папрасіць заслаць чужы ложак або памыць падлогу. Пра гвалт гаворкі не было.
Бацька Андрэя ўспамінае, як «прабівалі фанэру», калі ён служыў у войску.
«„Дзяды“ ведалі, куды можна біць, а куды не, каб не забіць. Калі б’юць у костку, гэта ня страшна, можна ўстаяць на нагах. Але тут, відаць, прабілі сонечнае спляценьне», — мяркуе Дзьмітры.
Дараховічы мяркуюць, што іхны сын ня мог сам стаць «дзедам». Ён шкадаваў нават забітую муху. Меў абвостранае пачуцьцё справядлівасьці, трымаў слова. Ня лаяўся нецэнзурна і адвучваў родных, часам жартам зьбіраючы ў слоік па 50 капеек за кожнае непрыстойнае слова.
Маці ўпэўненая, што ў сьмерці ейнага сына вінаваты Руслан.
«Калі ты маеш сілу, ты павінен разьлічыць яе. Навошта біцца, калі можна патлумачыць словамі? Што ён хацеў даказаць? Што ён мацнейшы, лепшы, дужэйшы? І бяз сына нас пакінуў?», — роспачна кажа Іна. Яна плянуе далей змагацца за справядлівасьць.
Маці Руслана пазваніла Ангеліне і запыталася, калі можа прыехаць пагаварыць зь ейнымі бацькамі. Дзяўчына мяркуе, што тая моцна перажывае, плакала ў трубку. Але сем'і пакуль не сустракаліся.
Вядома, што Руслану С. 17 гадоў, ён паходзіць з райцэнтра Карэлічы на Горадзеншчыне. Цяпер знаходзіцца дома ў бацькоў. Па словах Ангеліны, ён ужо ня быў выхаванцам вучэльні алімпійскага рэзэрву. Руслан з Андрэем былі знаёмыя раней, але не сябравалі.
Разьвітацца з Андрэем прыйшло каля 400 чалавек. Маці ўспамінае, як дзеці, пастаўшы каля труны, абяцалі Андрэю, што зробяць усё, каб іншыя даведаліся праўду, каб Руслана пасадзілі.
Андрэй пачаў займацца цяжкой атлетыкай з 12 гадоў. У сярэдзіне 9-й клясы паступіў у лідзкую вучэльню. Сёлета хацеў забіраць дакумэнты і давучвацца ў роднай школе, бо да яго «чаплялася» кіраўніцтва вучэльні. Ён скардзіўся маці, што яго там часта вінавацілі ў сытуацыях, да якіх ён ня меў дачыненьня.
Але хлопец ня бачыў сваёй будучыні бяз спорту. Рабіў посьпехі ў сваім напрамку і марыў зьехаць за мяжу, каб трэнавацца там. Казаў, што паедзе ў ЗША і забярэ з сабой сястрычку Веру. Усе мэдалі заўжды прыносіў маці і казаў, што гэта ейная заслуга, бо менавіта маці аддала яго ў спартовую клясу.
У сям'і ня могуць згадаць кепскага пра Андрэя. Настолькі ён быў пазытыўны, з усьмешкай, падымаў настрой блізкім. Грошы прасіў толькі на праезд або на пэўныя пакупкі, пра якія заўсёды даваў справаздачу. Ахвотна дапамагаў па гаспадарцы. Рабіў сюрпрызы, прыяжджаючы без папярэджаньня або прыбіраючы хату, пакуль бацькоў не было дома. Вельмі любіў малодшую сястру; калі трэба, абараняў старэйшую. Адвучыў маці курыць: «Ну як ты можаш курыць, ты ж мая мама!»
«Які ён добры быў, пяшчотны! Нават калі мы сварыліся, ён ніколі ня лаяўся. Казаў: „Давайце акуратна разьбярэмся. Ты накрычалася, цяпер скажы мне спакойна“. Быў залатым дзіцём», — згадвае маці.
Маці Руслана С. па тэлефоне сказала журналісту, што ня ведае абставінаў сьмерці Андрэя Дараховіча, і адмовілася працягваць гутарку.
Выканаўца абавязкаў дырэктара Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву Андрэй Кандратовіч у размове са С**бодай спаслаўся на інфармацыю Сьледчага камітэту, што Андрэй Дараховіч памёр «у сувязі са спыненьнем сэрца, прыкмет гвалтоўнай сьмерці ня выяўлена».
Паводле бацькоў, пасьля трэніроўкі ў вучэльні 17-гадовы Руслан С., моцна ўдарыў у грудзі Андрэя Дараховіча. Андрэй Кандратовіч на гэта сказаў, што хлопцы былі сябрамі і што Руслан мае вагу каля 67 кг, а ў Дараховіча вага была 85 кг і ён быў на галаву вышэйшы.
«Які там можа быць удар? Дараховіч здаравейшы быў. А па-другое, біцца ім не было за што. Сьледзтва праводзіць экспэрымэнты, і яно высьветліць, ці быў які ўдар. Але пакуль афіцыйная прычына — сэрца. Але сьледзтва забрала ўсе дакумэнты і праводзіць праверку. Таму сказаць нешта больш складана».
Руслан С. раней вучыўся ў вучэльні алімпійскага рэзэрву. Андрэй Кандратовіч патлумачыў, як ён апынуўся ў гэты час на трэніроўцы:
«Паводле сьледзтва, на наступны дзень у Лідзе праводзіліся абласныя спаборніцтвы. І, калі ў вучэльні скончылася трэніроўка, як ён кажа, ён прыйшоў, каб пракантраляваць сваю вагу. Усе чацьвёра, хто знаходзіўся ў разьдзявальні, былі сябрамі. І нейкіх канфліктаў паміж імі не заўважалася».
Наконт таго, што бацькам хлопца паведамілі пра сьмерць сына не адразу, Андрэй Кандратовіч сказаў, што гэта зьвязана з тым, што праводзіліся рэанімацыйныя дзеяньні.
«Спачатку выклікалі адну „хуткую“, спрабавалі рэанімаваць, а потым давялося выклікаць другую, бо ў іх не было дэфібрылятара. Другая „хуткая“ больш за гадзіну займалася, але так і не завяла сэрца. Потым мэдыкі канстатавалі сьмерць, прыехала міліцыя, пачаліся апытаньні, і толькі пасьля патэлефанавалі бацькам».
На пытаньне, ці можа гэты выпадак быць зьвязаны з праявай дзедаўшчыны ў вучэльні, Кандратовіч адказаў:
«Якая можа быць дзедаўшчына? Яны вучацца ўсяго два-тры гады, у іх клясы. Прычым Руслан С. ужо ня наш навучэнец быў. У Лідзе такога няма. Ва ўсякім разе дзедаўшчыну там ніхто нават не падазрае».
Падчас трэніроўкі за навучэнцаў адказвае трэнэр, падчас вучобы — клясны кіраўнік, а ў інтэрнаце адказвае выхавальнік, кажа Андрэй Кандратовіч:
«А гэта выпадак адбыўся якраз у канцы трэніроўкі».
Паводле Андрэя Кандратовіча, выканаўца абавязкаў загадчыка Лідзкага філіялу зьвязваўся з бацькамі Андрэя Дараховіча, на пахаваньне езьдзілі навучэнцы і выкладчыкі.
У сьнежні 2018 году быў звольнены кіраўнік Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву. Паводле генпракуратуры, у вучэльні выявілі парушэньні заканадаўства, якія ўшчамляюць правы і законныя інтарэсы навучэнцаў.
«У вучэльні неналежным чынам арганізаваныя выхаваўчая праца і адукацыйны працэс, зафіксаваныя факты неабгрунтаванага расходаваньня дзяржаўных сродкаў».
Выканаўца абавязкаў загадчыка Лідзкага філіялу Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву Ігар Таўставухаў адмовіўся камэнтаваць сытуацыю С**бодзе і адаслаў з пытаньнямі ў Сьледчы камітэт.
Афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту Горадзенскай вобласьці Сяргей Шаршаневіч сказаў карэспандэнту С**боды, што раней Сьледчы камітэт даваў інфармацыю пра выпадак у Лідзкім філіяле, і пакуль ніякай дадатковай інфармацыі няма.
Як раней паведамляў Сьледчы камітэт, Лідзкім раённым аддзелам СК ажыцьцяўляецца дасудовае сьледзтва па факце сьмерці 16-гадовага навучэнца Лідзкага філіялу Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву.
«Паведамленьне аб ягонай сьмерці ў разьдзявальні спартовай залі ў горадзе Лідзе паступіла ад работнікаў хуткай мэдычнай дапамогі 1 красавіка ў 20 гадзін 15 хвілін.
У мэтах высьвятленьня абставінаў сьмерці сьледчыя агледзелі месца здарэньня, апыталі навучэнцаў, у тым ліку відавочцаў. Канфіскавана для вывучэньня ўліковая дакумэнтацыя вучэбна-выкладчыцкай працы. Для высьвятленьня прычыны сьмерці прызначана судова-мэдычная экспэртыза.
Правяраецца вэрсія аб прычынна-выніковай сувязі паміж сьмерцю непаўналетняга і канфліктам, які ўзьнік па заканчэньні трэніроўкі", — паведамлялася ў тэлеграм-канале Сьледчага камітэту Беларусі.
Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…