Аматарская хакейная каманда “Гусары” з Беластока прыязджала ў Гродна на першыя красавіцкія выходныя. За некалькі дзён госці сустрэліся з мясцовым “Авангардам” і пабывалі на трэцім матчы фінальнай серыі паміж “Нёманам” і “Юнацтвам”. Эмоцыямі ад паездкі ў Гродна гульцы падзяліліся з Hrodna.life.
Каманда “Гусары” прыехала ў Гродна ўпершыню. У Беластоку няма прафесійнага хакея, таму гасцям з Польшчы хацелася пазнаёміцца з арганізацыяй гульні ў суседнім беларускім горадзе.
[the_ad id=”112956″]
У першы дзень “Гусары” сустрэліся з аматарскай камандай “Авангард”. Гродзенцы выставілі два склады. Першы матч скончыўся з лікам 6:5, перамога засталася за гаспадарамі. У другім матчы ўжо палякі разграмілі іншы склад “Авангарада” з лікам 10:1. Пасля гульні госці адпачывалі ў начным клубе “База”.
«Мы ўпершыню ў Гродне, скарысталіся бязьвізавым рэжымам. Уражаныя гэтым горадам, – распавядаюць хакеісты. – У суботу гулялі з мясцовым “Авангардам”, добры супернік. Бачна, што аматарскі хакей у Гродне на высокім узроўні. У нас у Беластоку хакей толькі на такім узроўні. Ёсць арэна на 700 месцаў, але яна не прыстасаваная нават для хакея, больш для шорт-трэка. Усе нашы гульцы працуюць у розных фірмах і прадпрыемствах, а позна ўвечары збіраемся на трэніроўкі. У нас у горадзе няма прафесійнай каманды, для гэтага патрэбныя грошы і добры трэнер, так што пакуль мы аматары».

У другі дзень госці з Польшчы наведалі трэці фінальны матч паміж “Нёманам” і “Юнацтвам”. У гэтай сустрэчы перамога засталася за мінчанамі – 2:1.
«У Гродне на хакеі добрая арганізацыя. Атмасфера прыемная, відаць што тут людзі жывуць гэтай гульнёй. “Нёман” і “Юнацтва” паказваюць добры хакей для фіналу. Мы ж падтрымліваем сваіх суседзяў. Агулам уражанні ад паездкі ў Гродна толькі станоўчыя: сюды можна ездзіць за сапраўдным хакейным відовішчам. У нас нават у польскай экстракласе няма такога, што паказваюць у Гродне», – дадалі хакеісты.


