Гродзенец прадаў машыну за 3000 $ замест 500 $, вымагаў грошы на яе рамонт, а потым збіў пакупніка і выдаліў іх перапіску. Супраць прадаўца распачалі 9 крымінальных спраў, расказалі ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

У 25-гадовага гродзенца быў стары аўтамабіль, які, па сутнасці, каштаваў каля пяцісот долараў. Аднак малады чалавек змог знайсці жыхара Гродна, якому прадаў машыну за тры тысячы долараў. Праблема паўстала потым, калі праз некалькі дзён аўто зламалася.

Малады чалавек забраў аўтамабіль для «рамонту» і з гэтай падставы стаў вымагаць у пакупніка грошы на аднаўленне. У выніку пацярпелы аддаў яшчэ каля пяці тысяч долараў. Затым пакупнік стаў разумець, што ў гэтай сітуацыі можа быць нейкі падвох і стаў патрабаваць тлумачэнняў з прадаўца. Той адгаворваўся, але спалохаўся, калі даведаўся, што ў пацярпелага ёсць запісы іх размоў і перапіска ў сацыяльных сетках.

У адзін з дзён малады чалавек заехаў у госці да пацярпелага, збіў яго, а затым выдаліў усю перапіску і запісы тэлефонных размоў.

Хлопца ўсё ж знайшлі і затрымалі, таксама ён падазраецца ў іншых супрацьпраўных дзеяннях. На сённяшні дзень у дачыненні да яго распачата 9 крымінальных спраў: па артыкуле 206 ч.1, дзве крымінальныя справы па частцы 2 артыкула 208, дзве крымінальныя справы па частцы 2 артыкула 209, па артыкуле 209 ч.3, артыкуле 214 ч.1, 349 ч.2, 351 ч.2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.