Каля Гродна з 5 па 7 красавіка пройдзе міжнародны фестываль воднага турызму «Нёманская вясна-2019». Гэтае мерапрыемства традыцыйна адкрывае сезон актыўнага адпачынку на Аўгустоўскім канале.

У рамках «Нёманскай вясны» пройдуць спаборніцтвы на байдарках (каяках, каноэ) і катамаранах у асабістым і камандным заліках. Удзельнікі прыедуць з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны і Расіі. Разам са спаборніцтвамі на фестывалі будзе праходзіць музычны оpen-air з удзелам гуртоў «Бадзяжныя Каты» (Гродна), «Вочы» (Гродна), «777» (Гродна), «Раса мечтателей» (Гродна), «Разбітае Сэрца Пацана» (Мінск) і іншых.

«Гэты фестываль не толькі для спартсменаў, але і для аматараў актыўнага адпачынку. Каманда арганізатараў паспрабавала палепшыць праграму фестывалю ў гэтым годзе, — распавядае рэжысёр Васіль Калач. — Мы не забыліся і пра гасцей фестывалю. Для іх у нас вялікая колькасць забаваў: ад музыкі пад адкрытым небам да майстар-класаў на вадзе».

Усе жадаючыя змогуць паўдзельнічаць у «турніры абжораў» — паяданні тушонкі на хуткасць. Удзельнікаў і пераможцаў чакаюць прызы і падарункі ад спонсараў. Настольныя гульні прадставіць цэнтр «Партал» — будзе працаваць палявая гульнятэка. Гасцей фестывалю чакаюць air-soft цір, цір па стральбе з лука, тарзанка даўжынёй 250 метраў, дзіцячая паласа перашкод, фудкорт і многае іншае.

Госці змогуць паставіць палатку ў намётавым полі, прывезці з сабой мангал і адкрыць для сябе сезон пікнікоў.

«Фэст» Нёманская вясна «- выдатная магчымасць адпачыць на прыродзе ўсёй сям’ёй», — кажа Васіль Калач.

Сёлетні фестываль будзе аформлены ў стылістыцы постапакаліпсісу (атмасфера такіх фільмаў як «Mad Max», «Водны свет» і г. д.). У праграме: Freak Show на адкрыцці фестывалю, фотазоны, экстрым-шоў на вадзе ад фрык-тэатра «Гексаген» і Freak Show group «Mascarada Matador», у тым ліку каскадзёрскія трукі і абардаж. Цвіком вечаровай праграмы фестывалю стане канцэрт гурта «Всё_CRAZY» (Мінск) на плывучай сцэне.

Праграма фестывалю на 6 красавіка:

10.00 — тэатралізаванае прывітанне ўдзельнікаў спартовай часткі
з 12.00 — працуюць фуд-корты, гульнятэка, air-soft цір і Archery Tag, атракцыёны
12.00−14.00 и 16.00−18.00 — дзіцячая паласа перашкод
13.00 — тэатралізаванае адкрыццё фестывалю
14.00 — музычны оpen-air — «Бадзяжныя Каты» (Гродна), «Вочы» (Гродна), «777» (Гродна), «Раса мечтателей» (Гродна), «Разбітае Сэрца Пацана» (Мінск).
14.30 — майстер-клас па кіраванні байдаркай.
16.00 — экстрым-шоў на вадзе ад фрык-тэатра «Гексаген» і Freak Show group «Mascarada Matador» — каскадзёрскія трукі і абардаж!
18.30 -ТУРНІР АБЖОРАЎ
15.30 — пачатак працы тарзанкі (250 метраў над ракой)
19.30−22.00 — Музычны оpen-air на воднай сцэне — гурт «Всё_CRAZY» (Мінск)

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life