У Гродне прыехала дэлегацыя Падляшскага ваяводства на чале з маршалкам Артурам Касіцкім і прэзідэнтам Беластока Тадэвушам Трускаляскім, піша «Вячэрні Гродна».

Гэта першы візіт у Беларусь новага кіраўніка ваяводства пасля выбараў. Артур Касіцкі змяніў на пасадзе маршалка Ежы Ляшчынскага, таму прыезд польскай дэлегацыі носіць дружалюбны азнаямленчы характар. Пакуль старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў сустракаўся з Артурам Касіцкім, старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой абмяркоўваў пытанні супрацоўніцтва са сваім калегам з Беластока Тадэвушам Трускаляскім. Старшыня гарвыканкама распавёў, што не стаў праводзіць сустрэчу ў кабінеце, а правёў госця па вуліцах Гродна.

Пасля дзелавой сустрэчы бакі прынялі ўдзел у пасадцы алеі дружбы. Месца было выбрана не выпадкова — побач з СШ № 36 з польскай мовай навучання на вуліцы Курчатава. Па словах дырэктара Зелянбуда Валерыя Каўша, для гасцей падрыхтавалі 20 саджанцаў клёну.

Першае дрэва сімвалічна пасадзілі старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, маршалак Артур Касіцкія, а таксама Генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнджек. Услед за імі малады клён пасадзілі Мечыслаў Гой, Тадэвуш Трускаляскі і Алена Бубенчык.

Затым рыдлёўкі і палівачкі ў рукі ўзялі астатнія члены польскай дэлегацыі.

— Запомніце! Маё дрэва пятае з краю, яно проста першае лісце выпусціць, — жартаваў адзін з членаў дэлегацыі.

— Вось як атрымалася: для таго, каб фізічна папрацаваць, нам давялося ў Гродна ехаць, — падтрымаў другі.

Дарэчы, паглядзець, чый клён распусціўся раней, палякі змогуць ужо праз месяц. Мечыслаў Гой запрасіў прэзідэнта Беластока на адкрыццё рэстарана «Беласток» у цэнтры Гродна, якое плануецца 1 мая.