На майскія святы Беларуская чыгунка прызначыла 40 дадатковых цягнікоў міжрэгіянальных і міжнародных ліній, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры БЧ.
“Беларуская чыгунка загадзя прымае меры па забеспячэнню перавозак пасажыраў у святочныя дні, – адзначылі ў прэс-цэнтры. – Так, з 26 красавіка па 12 мая прызначана 40 дадатковых цягнікоў, з якіх 34 у міжрэгіянальным паведамленні, 6 – у міжнародным”.
У міжрэгіянальным паведамленні дадатковыя цягнікі будуць курсіраваць паміж Мінскам і абласнымі цэнтрамі: Гомелем, Віцебскам, Брэстам і Магілёвам, а таксама па маршрутах Мінск – Мазыр (ст. Казенкі) – Мінск і Мінск – Пінск. Дадатковыя міжнародныя цягнікі прадугледжваюцца па маршрутах Мінск – Вільнюс – Мінск і Санкт-Пецярбург – Бранск.
Праца па прызначэнні дадатковых цягнікоў будзе працягнутая з улікам павелічэння пасажырапатоку, адзначаюць у прэс-цэнтры. Больш падрабязную інфармацыю аб раскладзе руху цягнікоў і іх маршрутах можна атрымаць у кантакт-цэнтры Беларускай чыгункі па тэлефоне 105, у чыгуначных касах, а таксама на сайце БЧ.


