Працягваецца расследаванне крымінальнай справы па гучным забойстве у стаўбцоўскай школе. Школьнік, які здзейсніў забойства і замахі на забойствы, часткова прызнаў сваю віну.

Згодна з заключэннем комплекснай стацыянарнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, праведзенай ГКСЭ ў дачыненні да падлетка, ён ўсведамляў злачынны характар сваіх дзеянняў і мог кіраваць імі, паведамляе Следчы камітэт.

Следчымі прад’яўленае абвінавачванне школьніку ў здзяйсненні наступных злачынстваў:

  • забойства двух асоб з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў (ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);
  • замах на забойства двух асоб з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў (ч. 1 арт. 14 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Да школьніка прыменена мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

Нагадаем

11 лютага бягучага года ў Стоўбцах 15-гадовы падлетак ударыў нажом 50-гадовую настаўніцу і 17-гадовага вучня, якія памерлі на месцы здарэння. Акрамя таго, хлопец нанёс удары нажом двум аднакласнікам, якія былі шпіталізаваныя з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Цяпер школьнікі выпісаныя з бальніцы, іх жыццю нічога не пагражае.