З прыходам вясны ў Гродзенскай вобласці пачаліся складанасці з зубрамі. Калі ўзімку яны выходзілі на дарогі і правакавалі аварыі, то цяпер пад нуль з’ядаюць палі з азімымі. Пра гэта паведамілі ў праграме «Наши новости» на ОНТ.

youtu.be/iT_TaAfl_0I

У рэгіёне ўпершыню сутыкнуліся з праблемай такога маштабу. У гаспадарках «Гожа» і «Прагрэс-Верцялішкі» статак знішчыў азімы рапс і патаптаў палі. Замест зеляніны амаль на 30 гектарах пасеваў тырчаць толькі сцеблы. Аграрыі ўжо падлічваюць шкоду — больш за 25 тысяч рублёў. Яшчэ столькі ж давядзецца выдаткаваць, каб усё перасеяць. Вінаватых ведаюць усе: непадалёк размешчаная гаспадарка «Азёры», дзе афіцыйна займаюцца рассяленнем зуброў. За 20 гадоў статак вырас да 300 асобін — і зараз яму цесна. Зубры шукаюць новыя землі, каб пракарміцца. З абароны ў аграрыяў ёсць толькі трактары. Роў матораў пакуль яшчэ здольны адпудзіць жывёл.

[the_ad id="112 956"]

Вырашаць праблему будуць агароджамі ўздоўж лесу, які прымыкае да палёў і дарог. Ёсць ідэя высаджваць азімыя спецыяльна для зуброў на лясных палянах. Аднак гэта меры часовыя. У гаспадарках лічаць, што да наступнай вясны праблему трэба будзе вырашаць ці адсяленнем, ці ліцэнзіямі на паляванне.