Дзяўчаты і маскот з групы падтрымкі хакейнага “Нёмана” 24 сакавіка выйшлі ў цэнтр Гродна, каб запрасіць гараджан на чарговы матч фарм-клуба, які можа стаць у гэты вечар чэмпіёнам Беларусі. Гродзенцы за крок ад запаветнага кубка.
«Запрашаем усіх на хакей з удзелам каманд “Нёман-2” – “Юніёр”, – распавядае прэс-аташэ каманды Віталь Гарбацюк. – Уваход вольны. Будзем рады, калі арэна ў гэты вечар запоўніцца максімальна. Для нашай каманды сённяшняя сустрэча вельмі важная: калі мы перамагаем, то становімся чэмпіёнам краіны”.
На апошні матч каманды “Нёман-2” у Гродна прыйшло каля 1400 чалавек. У фінальнай серыі супраць мінскага “Юніёра” чырвона-чорныя вядуць 3:1. Серыя доўжыцца да 4-х перамог.
«Сёння пятая гульня і, такім чынам, можа быць вырашальная перамога для “Нёмана”. У гісторыі каманды былі тры трэція месцы, тры другія, а чэмпіёнам мы ніколі не станавіліся. Таму сёння мы можам напісаць новую старонку ў гісторыі нашага клуба”, – дадаў Віталь Гарбацюк.
Матч “Нёман-2” – “Юніёр” пачнецца ў 17:00. Уваход вольны.







