На онлайн пляцоўцы zvarot.by з’явіўся зварот жыхароў квартала Шчорса-Пралетарскай, якія просяць даць справаздачу дэпутата ад Захараўскай выбарчай акругі № 14 Віктара Зубрыцкага аб праведзенай працы. Грамадзяне скардзяцца, што ні ў рэальным жыцці, ні ў адкрытым доступе, ніякіх «слядоў жыццядзейнасці» дэпутата, яны не бачаць.
Актыўныя жыхары квартала напісалі зварот на імя старшыні Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў з просьбай размяшчаць справаздачы народных дэлегатаў на афіцыйным сайце. Дарэчы, яны абавязаны справаздачыцца перад выбаршчыкамі аб праведзенай працы мінімум двойчы ў год.
«Асаблівыя прэтэнзіі да Віктара Зубрыцкага звязаны з тым, што яшчэ на этапе агітацыйнай кампаніі будучы дэпутат даў зразумець ініцыятыўным грамадзянам, што на яго падтрымку яны могуць не разлічваць. І цалкам стрымаў сваё перадвыбарнае абяцанне, — распавядае ініцыятар звароту Алена Шаламіцкая. — Ініцыятыўная група мясцовай супольнасці самастойна абараніла раён ад ушчыльнення забудовы, выратавала ад вырубкі каштанавую алею побач з будынкамі на рэканструкцыі, затым „выбіла“ комплексную спартыўную пляцоўку, якая належыць жыхарам па законе і якая паўстане да мая гэтага года. Безумоўна, нам цікава даведацца, чым увесь гэты час займаўся дэпутат, які павінен быў прадстаўляць нашы інтарэсы ў гарадскіх інстанцыях».
Дэпутат заўсёды даступны?
Віктар Зубрыцкі працуе дырэктарам філіяла «Гродзенскія электрычныя сеткі» РУП «Гроднаэнерга». Менавіта на прадпрыемстве яго сакратар і праводзіць запіс на прыём: кожную чацвёртую сераду месяца ў школе № 5 і кожны другі панядзелак у «Гроднаэнерга».
«Трапіць да дэпутата можна, на сайце ёсць уся інфармацыя і тэлефон прыёмнай. Калі ёсць заяўкі, будуць і сустрэчы. Званкоў пакуль не паступала ад тых жыхароў, якія не могуць яго знайсці. А ён заўсёды даступны», — распавялі Hrodna.life у прыёмнай «Гроднаэнерга».