Каля Гродзенскага ліцэя будаўнікоў № 1 велааматары заўважылі арыгінальную паркоўку для двухколавага транспарту ў выглядзе слова «Гродна». Гэта праект групы навучэнцаў.
Аказваецца, такая велапаркоўка з’явілася яшчэ вясной 2018 года пасля ўдзелу прадстаўніка ліцэя Максіма Мардзечка ў конкурсе «100 ідэй для Беларусі».
Пра існаванне велапаркоўкі на вуліцы Янкі Купалы ведаюць толькі навучэнцы ліцэя, звычайным гараджанам заўважыць яе няпроста. У сезон паркоўка заўсёды запоўненая роварамі навучэнцаў.У лютым 2018 года пасля конкурсу «100 ідэй для Беларусі» ў Гродзенскім абласным камітэце ГА «БРСМ» адзначалі, што велапаркоўкі ў выглядзе значных для горада будынкаў і надпісаў з’явяцца на новым турыстычным маршруце ў цэнтры Гродна.
«Ініцыятыва будзе падтрымана. Рэалізацыя яе намечана на 2018 год. Велапаркоўкі звяжуць турыстычны маршрут, які будзе пракладзены па цэнтральнай частцы горада, — казалі ў абкаме. — Праект будзе спрыяць як павышэнню турыстычнай прывабнасці Гродна, так і развіццю веласіпеднага руху».
На 2019 г. рэалізавана толькі адна велапаркоўка па праекце навучэнцаў ліцэя. У 2017 годзе ў навучальнай установе адзначалі, што зацікаўлены зрабіць не толькі адну, але і стварыць цэлую сетку арыгінальных велапарковак па горадзе або вобласці.