Велапаркоўкі ў выглядзе значных для горада будынкаў з’явяцца на новым турыстычным маршруце ў цэнтры Гродна, паведамляе БЕЛТА.

Пра гэта распавялі ў Гродзенскім абласным камітэце ГА «БРСМ». Рэалізацыя праекта «Гродна турыстычны» будзе прымеркавана да Года малой радзімы.

Ідэю арганізаваць незвычайныя велапаркоўкі, якія будуць выкананы ў выглядзе знакавых для горада будынкаў або надпісаў, прапанавала група аўтараў з Гродзенскага прафесійнага ліцэя будаўнікоў на конкурсе «100 ідэй для Беларусі».

Стварыў макет арыгінальнай велапаркоўкі для вуліц Гродна і прадставіў на конкурсе другакурснік будаўнічага Ліцэя № 1 Максім Вадзечка. Хлопец сам амаль штодзень ездзіць на ровары і пра неабходнасць велапарковак у горадзе ведае не па чутках. Ён вучыцца на зваршчыка і можа сам на базе ліцэя стварыць велапаркоўкі.

«Ініцыятыва будзе падтрымана. Рэалізацыя яе намечана на 2018 год. Велапаркоўкі звяжуць турыстычны маршрут, які будзе пракладзены па цэнтральнай частцы горада, — адзначылі ў абкаме. — Праект паспрыяе як павышэнню турыстычнай прывабнасці Гродна, так і развіццю веласіпеднага руху».

Цягам 5 гадоў за ўсталяванне велапарковак у Гродне змагаюцца актывісты грамадскага аб’яднання «ВелаГродна». Вынікам кампаніі «Забяспеч сабе паркоўку!» стала на сённяшні момант больш за 300 велапарковак у горадзе. У 2012 годзе ў горадзе іх было ўсяго 12.