У пачатку сакавіка супрацоўнікі смеццесартавальнага завода прыбралі з вуліцы Савецкай адну са сваіх сметніц – тую, якая была падобная да дворніка. А 11 сакавіка з цэнтра Гродна забралі скульптуру драўлянага “турыста”.
Дзве сметніцы ў выглядзе дворнікаў усталявалі 22 кастрычніка. Адну на Тэльмана, іншую на Савецкай. Апошнюю вырашылі прыбраць з пешаходнай вуліцы. Магчыма, гэта звязана з прыездам у Гродна міністра ЖКГ Аляксандра Церахава ў апошні дзень зімы.

Першыя незвычайныя сметніцы ў выглядзе “джэнтльменаў” сталі падарункам гораду ад смеццесартавальнага завода да Дня горада, які святкуецца ў верасні. З 15 кастрычніка 2018 прадпрыемства ўсталявала ў цэнтры Гродна і “дам з сабачкамі”, а праз тыдзень з’явіліся два “дворнікі”.
На сметніцах напісаныя словы падзякі на рускай, беларускай, польскай, англійскай, літоўскай, нямецкай і кітайскай мовах. Яны з’явіліся на розных вуліцах у цэнтры Гродна. Усяго новых сметніц было каля 20. У турыстаў яны карыстаюцца попытам – многія фатаграфуюцца побач з імі.





