Падрабязнасці «Перспектыве» распавёў старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства УСК па Гродзенскай вобласці Дзмітрый Мельнікаў. 52-гадовы бацька і яго 29-гадовы сын вялі злачынную дзейнасць на працягу трох гадоў. Дзейнічалі не толькі ў Ашмянах, але і сталіцы.
Абвінавачаныя знаёміліся з адзінокімі грамадзянамі, якія маюць запазычанасць па камунальных плацяжах і схільнымі да ўжывання алкаголю. Пасля гэтага спрабавалі ўвайсці да іх у давер, перыядычна прыходзілі і прыносілі спіртное і прадукты, а затым угаворвалі прадаць кватэру ўзамен на домік. Нават вазілі і паказвалі новае жыллё. Тую розніцу, якая нібыта павінна застацца, абяцалі вярнуць. Калі ўласнікі давалі поўную згоду на продаж сваёй кватэры, ашуканцы везлі іх да натарыуса і заключалі здзелку куплі-продажу. Разлічыцца абяцалі пазней. Але ніякіх грошай пацярпелыя так і не ўбачылі. Ашуканцы, завалодаўшы кватэрай, рабілі ў ёй касметычны рамонт і прадавалі. Галоўную ролю ў злачыннай дзейнасці гуляў сын.
Суд пагадзіўся з усім аб’ёмам абвінавачванні і пастанавіў: прызначыць сыну 9 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці (акрамя махлярства ў дачыненні да мужчыны была ўзбуджаная крымінальная справа за падбухторванне да дачы хабару), бацьку — 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Пазовы пацярпелых задаволеныя судом. Абвінавачаныя сваю віну не прызналі. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.
Устаноўлена, што падчас папярэдняга следства з боку сваякоў махляроў аказваўся ціск на пацярпелых. Іх прасілі забраць свае заявы, абяцаючы вярнуць доўг.