На будучым рэстаране “Беласток” 4 сакавіка павесілі шыльду. Плануецца, што ўстанова з беларускай кухняй адкрыецца у красавіку на цокальным паверсе бізнес-цэнтра «На Віленскай».
Назву “Беласток” уладальнікі выбралі не проста так. У гэтым жа будынку, толькі паверхам вышэй, з 1974 года працаваў вядомы ў горадзе рэстаран “Беласток”. З 1985 года памяшканне пуставала, рэстаран пераехаў у будынак на скрыжаванні Гараднічанскай і Тэльмана. Праз 32 гады, у лютым 2017 года, у памяшканнях былога рэстарана адкрыліся фірмовы магазін і кавярня “Камунарка”.


Даведка
Праект арыгінальнага рэстарана “Беласток” выконвалі беластоцкія архітэктары, элементы інтэр’еру, мэблю і сервіроўкі прывезлі з Польшчы. Польскія акцэнты былі і ў меню: можна было, напрыклад, замовіць “татар” – так у Польшчы называюць страву з сырой прапушчанай праз мясарубку ялавічыны з цыбуляй і сырым жаўтком. “Беласток” доўгі час лічыўся адным з найлепшых месцаў Гродна, у нейкім сэнсе нават элітным. Туды не проста хадзілі паабедаць, а адпачыць.

У “Беластоку” ўпершыню рэстаранныя музыкі працавалі на прафесійнай аснове. Там можна было не толькі паслухаць якасную жывую музыку, напрыклад каверы “Бітлз”, але і патанцаваць. Менавіта таму ўвечары ўваход у рэстаран быў платны – 1 рубель 50 капеек.


